[an error occurred while processing this directive]
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
[an error occurred while processing this directive]

Перапіска з дзяржаўнымі ўстановамі (11.10.2002)

Па праекту закона "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой"

16.10.2002 г. МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" накіравала свае заўвагі і прапановы па праекту закона "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой", які быў распрацаваны Цэнтрам законатворчай дзейнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, што юрыдычны цэнтр "Бацькаўшчыны" распрацаваў свой праект Закона пад назвай "Аб стасунках Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа", які грунтаваўся на пажаданнях і прапановах, выказаных прадстаўнікамі арганізацый беларускай дыяспары. Гэты праект як прапановы да распрацаванага Цэнтрам законатворчай дзейнасці і быў прадстаўлены ў вышэйназваныя дзяржаўныя ўстановы.

Адказ на наш ліст 13.11.2002 г. прыйшоў ад Камісіі па сацыяльных пытаннях Савета Рэспублікі, у якім гаворыцца аб тым, што зараз законапраектам займаецца Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Законапраект будзе выненсены на разгляд Нацыянальнага сходу толькі ў кастрычніку 2003 г. Савет жа Рэспублікі не ўносіць змены ў законапраект, а толькі мае права ўхваліць ці адхіліць яго.

Адпаведна беларускаму заканадаўству дзяржаўная ўстанова павінна на працягу аднаго месяца адказаць на ліст фізічнай альбо юрыдычнай асобы. Нажаль, адказаў ад Савета Міністраў і Палаты прадстаўнікоў "Бацькаўшчына" пакуль не атрымала.

Па пытанню ўстаноўкі мемарыяльнай дошкі дзеячам Інбелкульта

Яшчэ 30.04.2002 г. "Бацькаўшчына" накіравала ў Мінгарвыканкам ліст з просьбай дазволіць размясціць мемарыяльную дошку дзеячам Інстытута беларускай культуры (які ў 1928\1929 гадаў ператварыўся ў Беларускую акадэмію навук) на будынку, дзе ён раней знаходзіўся, па адрасе: г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15. Сёння ў гэтым будынку знаходзіцца офіс Згуртавання "Бацькаўшчына" і Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны. Дошка была выраблена на дабрачынныя ахвяраванні у 1998 г. (скульптар А.Шатэрнік) і ўтрымлівае прозвішчы 34-х акадэмікаў і навукоўцаў, якія сталі заснавальнікамі вышэйшай навуковай установы Беларусі. Адказ на запыт "Бацькаўшчына" атрымала толькі 29.10.2002 г. з просьбай пісьмова ўзгадніць тэкст дошкі з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Трэба адзначыць, што першая спроба ўзгадніць тэкст мемарыяльнай дошкі з НАН Беларусі была прадпрынята дырэктарам Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф.Скарыны А.Мальдзісам у 1998 г. Нажаль, справа так і не была вырашана.

02.12.2002 г. "Бацькаўшчына" накіравала два лісты па пытаннях узгаднення тэкстаў дошкі. Адзін - прэзідэнту НАН Беларусі сп.М. Мясніковічу, з просьбай узгадніць тэкст дошкі, другі - старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь А.Вайтовічу (былому прэзідэнту НАН Беларусі) з просьбай пахадайнічаць аб станоўчым вырашэнні гэтага пытання.

Па пытаннях забяспячэння інфармацыйных патрэб беларускай дыяспары

14.11.2002 г. адбылася сустрэча старшыні Рады МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" А.Макоўская з міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь М.Падгайным. Пад час сустрэчы сп. М.Падгайнаму быў перададзены афіцыйны ліст ад "Бацькаўшчыны" па пытаннях забяспячэння наступных інфармацыйных патрэб беларускай дыяспары:

  • заключэнне пагадненняў аб рэгулярным інфармацыйным абмене з тэлебачаннем Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі з улікам патрэб беларускай дыяспары і нацыянальных меншасцяў Беларусі;
  • распрацоўка мерапрыемстваў па рэалізацыі міжурадавых пагадненняў аб распаўсюджванні на тэрыторыі краін СНД, Балтыі і інш. беларускіх тэле- і радыёпраграмм, арганізацыі тэле- і радыёвяшчання на гэтыя краіны;
  • спрыянне стварэнню ў краінах былога СССР агульнадзяржаўных выданняў на беларускай мове;
  • арганізацыя цэнтралізаванай падпіскі расійскіх бібліятэк на беларускі перыядычны друк (як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя выданні) у постсавецкіх дзяржавах.

Па пытанню стварэння цэнтраў юрыдычнай дапамогі беларускай дыяспары пры пасольствах Рэспублікі Беларусь

02.12.2002 г. "Бацькаўшчына" накіравала ліст ў Міністэрства замежаных спраў Рэспублікі Беларусь з просьбай паспрыяць стварэнню пры пасольствах Рэспублікі Беларусь цэнтраў юрыдычнай дапамогі беларускай дыяспары з наданнем ім наступных функцый:

  • інфармаванне аб асноўных правах і свабодах чалавека і грамадзяніна, у тым ліку аб праве на грамадзянства і праве на свабоду яго выбару;
  • кансультаванне па правах нацыянальнай меншасці адпаведна заканадаўству краін пражывання;
  • юрыдычная і арганізацыйная дапамога ў дзейнасці арганізацый беларускай дыяспары;
  • растлумачэнне ўмоў набыцця грамадзянства Рэспублікі Беларусь;
  • кансультаванне па пытаннях удзелу ў інвестыцыях у эканоміку Рэспублікі Беларусь, знешнеэканамічнай дзейнасці камерцыйных арганізацый, а таксама ў цэлым па пытаннях вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці ў Беларусі;
  • інфармаванне аб умовах доступу да адукацыі ў Беларусі, аб умовах ажыццяўлення навукова-даследчай дзейнасці на яе тэрыторыі, аб умовах працаўладкавання па спецыяльнасці на падставе дыпломаў, выдадзеных за мяжой;
  • кансультаванне па пытаннях уезду, выезду і знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, атрымання віз, іх кошту, памераў мытных пошлін і збораў, аб умовах турыстычных вандровак у Беларусь, у т.л. умовах так званага сельскага турызму;
  • інфармаванне аб заканадаўстве Рэспублікі Беларусь у сферы аховы здароўя;
  • кансультаванне па пытаннях атрымання права на пастаяннае жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, на набыццё маёмасці, зямлі, атрымання спадчыны;
  • растлумачэнне ўмоў захоўвання грошай у банкаўскіх установах Беларусі;
  • інфармаванне аб умовах і правілах пражывання ў гатэлях, карыстання транспартам, аб існуючых на дадзены момант цэнах на тавары і паслугі штодзённага попыту ў Беларусі і г.д.

Па пытанню стварэння пры НАН Беларусі спецыяльнай навукова-аналітычнай структуры па праблемах беларускай дыяспары

02.12.2002 г. "Бацькаўшчына"накіравала зварот у НАН Рэспублікі Беларусь з прапановай разгледзець магчымасць стварэння пры Акадэміі навук Беларусі спецыяльнай навукова-аналітычнай структуры па праблемах беларускай дыяспары. У сваім лісце Згуртаванне акрэсліла насупныя задачы такой навукова-аналітычнай структуры:

  1. каардынаваць намаганні дзяржавы і грамадскасці ў выпрацоўцы тактыкі і стратэгіі працы з дыяспарай на доўгатэрміновы перыяд, пошуку найбольш эфектыўных шляхоў узаемадачыненняў беларусаў у Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі;
  2. арганізоўваць фундаментальныя прыкладныя даследаванні ў галіне замежнага беларусазнаўства.

Перспектыўнымі напрамкамі дзейнасці тут могуць быць:

  • стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы і банка дадзеных па арганізацыях беларускай дыяспары, у тым ліку падрыхтоўка навуковага перыядычнага выдання "Беларуская мова і культура за мяжой";
  • распрацоўка дамоўна-прававой базы для ўнутранага і знешняга вектараў працы з беларускімі арганізацыямі ў свеце (па праблемах рэпатрыяцыі этнічных беларусаў, падтрымкі і абароны нацыянальных правоў беларускіх меншасцяў у краінах пражывання і г.д.);
  • прыцягненне дапамогі сусветнай беларускай супольнасці ў рэалізацыі навукова-тэхнічных даследаванняў па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы;
  • вядзенне навуковага маніторынгу за выкананнем і бягучым удасканаленнем Закона Рэспублікі Беларусь аб стасунках з беларусамі замежжа, праект якога зараз разглядаецца ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.

Пра вынікі нашай перапіскі з дзяржаўнымі ўстановамі будзем паведамляць па меры атрымання адказаў.

[an error occurred while processing this directive]

[an error occurred while processing this directive]