Словы малітвы прагучалі ў
Вільні
Вясна з’яўляецца раптоўна. Як крышнаіты
на Замкавай — з бразгатам і распевам — укліньваюцца ў навакольнае жыццё са
сваім, іншым. Пачынаецца суіснаванне.
А яшчэ ў вясны ёсць свой знак. Сёлетняя
пачалася з малітвы. Малітва была свецкая, але ў небе яе пачулі, і неба паміж
двух дажджоў паказала вясёлку.
Гэта адбылося ў мінулую суботу. А сёмай
вечара над Вострай Брамай раптам перастаў ліць дождж, вызірнула сонца і паўстала
вясёлка! На вузкай вуліцы перад алтаром з’явіліся людзі — там, там, там. Яшчэ
крыху, і іх стала шмат, яны запоўнілі сабою ўсю вуліцу і стаялі нерухома, каб не
парушыць настрой, які стваралі неба, вуліца і музыка, што гучала з Вострае
Брамы. Неўзабаве музыка сціхла і мы пачулі ціхі і спеўны голас. Гэта была
«Малітва да Вільні» (Т.С.), падобная на «Ойча наш», але звернутая да горада.
Хоць, зразумела, да каго б ні была звернутая малітва, яна ўсё адно — да Бога.
«Горад наш, які ёсць у нябёсах, нябёсы
якога ёсць памяць пра пакутнікаў, творцаў, герояў: Антоні, Астах, Іаан, Скарына
Францішак, Каліноўскі Кастусь, ксёндз Станкевіч Адам, і Луцкевічы, і
Аляхновіч...
Горад наш, які ёсць на зямлі, а зямлёю
якога ёсць мы; хто належыць табе і цябе сатварае, табою сатвораны будзе.
Дай нам мудрасці, Горад, каб вызначыць
межы і месца сваё беларускае роўна з табою, на адлегласці мары прасветлай.
Дай нам голасу чыстага, славіць імя тваё,
Горад, тут, цяпер, і далёка, і блізка, і заўтра, і потым, і вечна,
Вільня».
Словы сціхлі, а разам знікла вясёлка. І
зноў загучала музыка, і зноў паліў дождж. Людзі разышліся, разумеючы, што
настала вясна і што цяпер так будзе заўсёды.
Нам кажуць: Вільня цяпер чужая і мы тут
чужыя, бо Вільня — адрэзаны ломаць. Але што можна адрэзаць ад крыві, ад памяці,
ад душы? Вільня, бадай, тая самая, што і заўсёды, — горад, дзе няма чужых, а
ёсць іншыя. Мы — іншыя. Як тутэйшыя палякі ці як літоўцы, як вулічныя музыкі ці
крышнаіты — іншыя. Толькі ў монаэтнічным, монамоўным, монагістарычным горадзе
іншыя становяцца чужымі. Але гэта не пра Вільню.
Іншым цікава з іншымі — жыць, суіснаваць,
разумецца.
Нам кажуць: гэта цяпер замежжа. Але што
мяжа для вясны, для вясёлкі, для нас? Мы тут нікому не апазіцыя і ніхто не
апазіцыя нам. Можа быць, таму, што ў нас тут так шмат сваіх і таму, што вакол —
сцены, якія бачаць нас сённяшніх, помняць нас колішніх і пазаколішніх.
У адрозненне ад аднамернага Горада Сонца,
тут — Горад Сэрца. І кожнаму іншаму Вільня — дом.
Мы тут дома, калі дом вымяраць ня межамі,
а паселішчамі душы. Мы тут — іншыя. І, як героі Аменабара, можам колькі хочам
паўтараць: «Мы не памерлі. Гэты дом наш».
Мы молімся да Вільні, і Вільня, чуючы
нас, не кіпіць ад абурэння, і Вострая Брама не здрыганецца, і Маці Божая не
насупіць бровы. Значыць, усё нармальна, усё правільна, усё як заўжды.
Вясна.
Паводле інтэрнэт-газеты Паазер’я і
Віленшчыны vestki.info
|