Адраджэнне Іепархіі Беларускай
Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы
Нарэшце надыйшоў доўгачаканы дзень, да
якога рыхтавалася ўся Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (БАПЦ) у
эміграцыі – адбылася хіратонія (высвячэнне) архімандрыда Святаслава ў епіскапы
(свецкае імя – Вячаслаў Логін).
Пасля адыходу ў іншы свет нашага
Першагерарха Мітрапаліта Ізяслава, наша БАПЦ у эміграцыі асірацела. Ад дня
смерці Мітрапаліта Ізяслава (26 лістапада 2007 году) быў апекуном нашае БАПЦ
архіяпіскап Уманскі і Дэтройтаўскі Аляксандр, за што яму вялікі
дзякуй.
10 траўня 2008 году, у суботу, у
Катэдральным Саборы Св. Кірылы Тураўскага, у Брукліне, адбылася вячэрняя
архіярэйская Богаслужба, на якой адбылося "нарачэнне" - абяцанне Богу, перад
прысутным святарствам і парахвіянамі быць слугой Богу і людзям, кіраваць
прыходамі, святарствам і вернікамі, назіраць і навучаць прапаведаваць Слова
Божае і выконваць Законы Божыя.
Абрад "нарачэння" і архіярэйскую
хіратонію выконвалі іерархі Украінскай Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ў ЗША
(якая вядзе радавод хіратоніяў ад УАПЦ у часе другое сусветнай вайны:
архіепіскап Уманскі і Дэтройтаўскі – Аляксандр, епіскап Х’юстанскі і Тэхаскі
Макаріос, з удзелам епіскапа Барыспальскага Паісія (УПЦ Кіяўскі Патрыярхат)).
З імі разам удзельнічалі ў
Богаслужбе: мітрафорны пратаярэй Міхайло (Бруклін), іярэй Іван, мітрафорны
пратаярэй Міхайло (Дэтройт), пратаярэй Уладзімір, іярэй Зіновій, айцец Полл,
айцец Орэст і архідыякан Мікалай. Добра дапамагала святарству спяваць сваім
цудоўным гучным голасам матушка Людміла, вялікі ёй дзякуй і за віншавальныя
вершы.
На нядзелю, 11 траўня 2008 году прыпадае
свята Св. Кірылы Тураўскага, чыё імя носіць наш Катэдральны Сабор. Адбылося
вялікае і ўрачыстае свята. У гэты цёплы, сонечны дзень свята атрымалася. Мусіць
Богу было патрэбна, каб высвячэнне архімандрыта Святаслава ў япіскапы было ў
дзень свята Св. Кірылы Тураўскага, а для нас вернікаў – гэта падвойнае свята,
таму што мы маем зараз вярхоўнага святара, які будзе кіраваць духоўным жыццём
усёй БАПЦ у эміграцыі.
Праз узраджэнне іерархіі БАПЦ у эміграцыі
нашы царквы атрымалі новае дыханне, БАПЦ уваскрасае так, як і Ісус Хрыстос
Уваскрос.
Пасля асноўнага абраду хіратоніі і
віншавання святарствам новага епіскапа Святаслава, была адпраўлена Малітва ў
гонар Маці Божай і ўсіх Маці, якія далі нам жыццё.
Свята "Дзень Маці" святкуецца ў Амерыцы і
другіх краінах у другую нядзелю траўня. Па заканчэнні Святочнай Літургіі
архіяпіскап Аляксандр павіншаваў усіх Маці з іх святам, а затым павіншаваў
парахвіяніна Мікалая Сагановіча з Днём нараджэння, які быў на мінулым
тыдні.
Мы вернікі БАПЦ верым, што Ісус Хрыстос
Уваскрос, верым, што ўваскрэсне і наша БАПЦ, а з ёй уваскрэсне наша мова,
культура і наша Радзіма Беларусь. Цяпер мы маем уладыку Святаслава, епіскапа
Новаградзкага і Паўночнай Амерыкі БАПЦ.
Свята працягвалася ў парахвіялінай залі
на першым паверсе, дзе "Сястрынства" нашага Сабору прыгатавала пачастунак. На
гэтым абедзе прысутнічалі госці з Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі, Кліўланда і Канады, было
больш чым 100 чалавек. Першым павіншаваў епіскапа Святаслава Расціслаў Гарошка –
Старшыня Парахвіяльнай Рады Катэдральнага Сабору Св. Кірылы Тураўскага ў
Брукліне. Вялікую падзяку выказаў прысутным епіскапам і ўсяму святарству
Сакратар Кансісторыі БАПЦ – Якуб Сапяжынскі, ён цёпла вітаў нашага новага
епіскапа Святаслава. З падзякай прысутнаму святарству і віншаваннем выступілі
Старшыня Парахвіяльнай Рады Парахвіі Святое Жыровіцкае Іконы Божае Маці з Гайлен
Парку - Віктар Дубяга і Старшыня Парахвіі Святога Кірылы Тураўскага з Таронта
(Канада) - Міхась Тапуноў.
На святочным абедзе прысутнічалі і нашыя
палітычныя дзеячы: Івонка Сурвілла - старшыня Рады БНР; Зянон Пазняк - старшыня
БНФ; Вячка Станкевіч – старшыня Галоўнай Управы БАЗА. Усе яны выказалі словы
ўдзячнасці святарству нашай братняй Украіны ды цёплыя, добрыя пажаданні ўладыку
Святаславу, здароўя і сіл для працы на Божай ніве.
Архіяпіскап Аляксандр у сваім віншаванні
ўладыку Святаславу даў добрыя парады, выказаў пажаданні, дзе ён нагадаў, "Дзень
11 траўня 2008 году ёсць не падвойнае свята, а трайное, ад гэтага дня – пачатак
новага адраджэння БАПЦ у эміграцыі".
Добрыя віншавальныя словы і парады
выказалі епіскап Паісій ды епіскап Макарыос, абяцалі дапамагаць калі гэта
спатрэбіцца, а таксама віншавала ўладыку Святаслава рэдактар газеты "Украінска
Царква" – Катэрына Неміра.
Цяпер мы будзем вітаць нашага епіскапа
Святаслава словамі, "Іс полла эти Дэспота!" - (гэта азначае "Дай Божа шмат
год!"). Будзем маліцца за яго і прасіць Божага дабраслаўлення. Хрыстос Уваскрос!
Хрыстос Уваскрос! Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!
Святкаванне працягвалася, і ў гонар Маці
выказала віншавальныя словы спадарыня Ліна Сагановіч. Яна разам з сёстрамі нашай
парахвіі праспявала песню "А мне сарочку мама вышывала". У памяць пра тых Маці,
якія адыйшлі ў іншы свет, таксама прагучала "Пісня про матір". Пасля ўсіх
урачыстасцяў, дзеці, сябры і парахвіяне віншавалі спадара Міколу з 65-годдзем,
жадалі яму добрага здароўя, сіл і энергіі на адраджэнне нашай
святыні.Госпадзі, дабраславі яго!
Ліна
Сагановіч
Ягоная Міласць Епіскап
Наваградзкі і Паўночна-Амерыканскі СВЯТАСЛАЎ,
Адміністратар
БАПЦ

У міры — Вячаслаў Вячаслававіч Логін,
нарадзіўся 26 лістапада 1964 года ў Чарнігаве (Украіна) у сям'і інжынераў
Вячаслава і Людмілы (Сіз).
(Род паходзіць з Наваградчыны, дзед
Андрэй Логін і ягоны брат Язэп (растраляны ў 1930-я г.г.) былі беларускімі
фалькларыстамі. Дзед па лініі маці - Даніла Сіз у 1930-я г.г. скончыў Гомельскі
Чыгуначны Тэхнікум.)
У 1986 г. скончыў кіеўскі Політэхнічны
iнстытут, працаваў інжынерам.
У 1994-1999 гг. навучаўся ў Кіеўскай
духоўнай семінарыі, пасля сканчэння яе, у 1999-2000 гг. навучаўся на
Тэалагічным факультэце Манітобскага ўніверсітэта (Праваслаўны калегіўм Св. Ап.
Андрэя ў Вініпэгу, Канада).
27 жнівеня 2000 г. рукапакладзены ў сан
дыякана, а 17 снежня 2000 г. - у святара ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай
Царкве Св. Кірылы Тураўскага ў г. Таронта (правінцыя Антарыё, Канада) і
прызначаны на гэтую ж Парафію.
У 2002-2007 гг. служыў настаяцелем
Парафіі Св. Жыровіцкай Іконы Божае Маці БАПЦ у г. Гайлянд Парк (штат Нью-Джэрсі,
ЗША).
У 2005-2006 гг. выконваў абавязкi настаяцеля
Катэдры Св. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Нью-Ёрку (ЗША).
З 2007 г. - настаяцель Парафіі Св. Кірылы
Тураўскага ў Таронта. У кастрычніку 2006 г. Царкоўнай Радай БАПЦ аднагалосна
абраны кандыдатам у епіскапы.
У лютым 2008 г. прымае манашы пострыг з
імём Святаслаў у манастыры Св. Чатырох Евангелістаў (УАПЦ у ЗША) у Х’юстане
(штат Тэхас, ЗША) 24 лютага 2008 г. у Катэдры Св. Ап. Андрэя Першазванага ў Дэтройце (штат Мічыган, ЗША) архіяпіскапам Аляксандрам (УАПЦ у ЗША) узведзены ў
сан ігумена і архімандрыта.
11 траўня 2008 г. ерархамі Украінскай
Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў ЗША (радавод хіратоній якое ідзе ад УАПЦ у
часы 2-й сусветнай вайны) - арх. Аляксандрам і еп. Макарыясам, з удзелам еп.
Паісія (УПЦ Кіеўскі Патрыярхат) хіратанізаваны на епіскапа Наваградзкага і
Паўночна-Амерыканскага БАПЦ за Боскаю Літургіяй на парафіяльнае свята ў
Кафедральным Саборы Св. Кірылы Тураўскага БАПЦ у Нью-Ёрку (ЗША), і Царкоўнай
Радай БАПЦ абраны Адміністратарам Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай
Царквы.
|