Выбары-2008. Хто па якой акрузе
ідзе?
Многа няяснага застаецца вакол удзелу
апазіцыі ў выбарах у палату прадстаўнікоў. Напрыклад, «Малады фронт» як
арганізацыя абвясціла пра байкот парламенцкіх выбараў. Але вылучаныя па квоце МФ
Дзяніс Садоўскі і Віктар Янчурэвіч (абодва — Менск) і Зміцер Кухлей (Масты,
Гарадзеншчына) — маюць намер узяць удзел у выбарах як незалежныя кандыдаты. У
чым тады сутнасць байкоту МФ, незразумела.
З свайго боку, Анатоль Лябедзька,
паколькі МФ афіцыйна ня йдзе на выбары, прапанаваў запоўніць гэтыя вакансіі ў
спісе АДС вядомым у краіне палітыкам — Аляксандру Мілінкевічу, Станіславу
Шушкевічу, Аляксандру Ярашуку ці некаму яшчэ, хто пакуль ня выказаўся аб сваім
удзеле ў выбарах.
Так ці інакш, а адзіны спіс АДС складзены
і пад ім падведзена рыса.
Хто з апазіцыянераў ідзе на выбары па
якой акрузе?
Найбольшая колькасць апазіцыйных лідэраў
назіраецца, што і ня дзіўна, у Менску. Так, лідэр АГП Анатоль Лябедзька
збіраецца балатавацца ў Сухараўскай выбарчай акрузе. На гэта свой погляд мае
сябар «Руху «За Свабоду» палітолаг Алесь Лагвінец, які прапанаваў Лябедзьку
правесці «праймерыз» па гэтай акрузе, пераможца якога і будзе прадстаўляць
апазіцыю на выбарах. У сваю чаргу, Лябедзька лічыць, што «праймерыз» не
адлюстроўваюць усяго спектару думак выбарцаў, і прапануе сацыялагічнае
даследаванне. Пакуль пытанне так і ня вырашылася.
Лідэр ПКБ Сяргей Калякін будзе спрабаваць
дастаць дэпутацкі мандат у Коласаўскай акрузе. Былы старшыня Партыі БНФ Вінцук
Вячорка — ва Усходняй. Супернік Вячоркі на апошнім з’ездзе БНФ Алесь Міхалевіч
збіраецца агітаваць за сябе выбарцаў Уручча. Увогуле, БНФ лідэр па сваіх
вылучэнцах у Мінску. Ад партыі па сталічных акругах таксама ідуць Аляксей
Янукевіч (Аўтазаводзкая), Сяргей Карповіч (Кастрычніцкая), Юры Карэтнікаў
(Паўднёва-Заходняя), Валянціна Свяцкая
(Ясенінская).
Пяць чалавек у Мінску будуць прадстаўляць
АГП. Апроч ужо названага Анатоля Лябедзькі, гэта былы старшыня Нацбанку Беларусі
Станіслаў Багданкевіч (Чкалаўская), Аляксандар Дабравольскі (Свіслацкая), а
таксама дзве жанчыны — Валянціна Палевікова (Купалаўская), Людміла Гразнова
(Партызанская).
Старшыня зліквідаванай летась Партыі
жанчын «Надзея» Алена Яскова пойдзе ў Серабранцы, а лідэр яшчэ адной
зліквідаванай Партыі Працы — Аляксандар Бухвостаў будзе вылучацца ў
Шабанах.
Адзіную вакансію ад БХД заняў у
Старавіленскай акрузе Віталь Рымашэўскі. Былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар
Рынкевіч забіў за сабой Пушкінскую акругу. Пойдзе на выбары і старэйшая дачка
палітвязня і экс-кандыдата ў прэзідэнты Вольга Казуліна, яна
збіраецца балатавацца ў Фрунзенскай акрузе.
У Берасці будзе балатавацца выканаўца
абавязкаў старшыні БСДП Анатоль Ляўковіч, ён доўгі час жыў і працаваў акурат у
горадзе над Бугам. Дарэчы, Берасце за сабой амаль цалкам пакінулі
сацыял-дэмакраты. Па другой гарадской акрузе на выбары ад апазіцыі ідзе Ігар
Маслоўскі. Канчаючы тэму БСДП, адзначым, што ў Івацэвічах будзе балатавацца
намеснік старшыні партыі Іван Анташкевіч, а па Белавежскай акрузе — Валянцін
Лазарэнка.
Апазіцыйныя камуністы пакінулі за сабой
на Берасьцейшчыне адну з Баранавіцкіх акруг, Мухавецкую, Пінскую і Столінскую.
Па Пінскай вясковай акрузе ў спісах кандыдатаў значыцца Андрэй Сухаверхі з БНФ.
Намеснік старшыні гэтай самай партыі Юрась Губарэвіч паспрабуе прабіцца ў палату
ў родным Белаазёрску, дзе ўжо некалі быў дэпутатам мясцовага
савету.
Пра жаданне ўдзелу ў выбарах заявілі
шэсць прадпрымальнікаў — Мікалай Чарнавус (Баранавічы), Ірына Яскевіч (Віцебская
Чкалаўская акруга), Алена Мядзведзева (Бабруйская Ленінская), Аляксандар Цацура
(Салігорск), Віктар Крываль (Стаўбцы), Віктар Гарбачоў (Барысаўская
гарадская).
Найхутчэй, што па Барысаўскай вясковай
акрузе пойдзе Сяргей Салаш. У Вілейцы і Мядзелі вылучацца будзе старшыня
абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Вінаградаў. Прыхільнік
беларуска-расійскай інтэграцыі генерал Валеры Фралоў пойдзе
на выбары ў Слуцку. Пэўна, гэта звязана з тым, што ў горадзе БНРаўскага
паўстання ў свой час асадзілі шмат вайскоўцаў, якія могуць падтрымаць
генерала.
Таццяна Ваніна (Партыя Працы) ідзе па
Койданаўскай акрузе, былы ліквідатар Чарнобыльскай катастрофы Аляксандар
Валчанін (АГП) — у Жодзіна, лідэр «Маладых дэмакратаў» Аляксандар Шумкевіч — у
Маладзечна, Людміла Насановіч («Надзея») — у Салігорску.
Рэдактар недзяржаўнай газеты «Вольны
горад» Сяргей Няроўны балатуецца ў родным Крычаве. Былы настаўнік гісторыі з
Бабруйску Алесь Чыгір адзіны, хто будзе прадстаўляць на выбарах «Рух «За
Свабоду».
Андрэй Юркоў з Партыі БНФ збіраецца
балатавацца ў Горацкім раёне, дзе хочуць пабудаваць беларускую
АЭС.
Чатыры гарадзенскія акругі папалам
падзялілі сябры АГП (Яраслаў Раманчук з Віктарам Падчаненкавым) і БНФ (Вадзім
Саранчукоў з Сяргеем Антусевічам).
На Радзіме Зянона Пазняка ў Іўі
кандыдатам мае быць былы палітвязень Іван Крук з АГП.
Фронтаўцы выдавец «Нашага слова»
Станіслаў Суднік будзе балатавацца ў Лідзе, а доктар Іван Шэга — у
Слоніме.
Ці ня самае моцнае прадстаўніцтва ПКБ на
Гомельшчыне. Ажно сем чалавек — Віктар Хоміч (Гомельская Юбілейная), Уладзімер
Сякерка (Гомельская Сяльмашаўская), Сяргей Сяргеенка (Гомельская Прамысловая),
Міхаіл Сілівонец (Жыткавічы), Валер Рыбчанка (Жлобін), Віктар Назаранка
(Калінкавічы), Сяргей Дайнэка (Светлагорск).
Толькі на аднаго штыха менш за камуністаў
на Гомельшчыне мае АГП. Кандыдат на старшыню партыі Мікалай Гаўрыленка зойме
Палескую акругу, Віктар Палякоў — Гомельскую Савецкую, Адам Варанец — Гомельскую
вясковую, Леанід Судаленка — Хойніцкую, Леанід Арлоў —
Мазырскую.
Валеры Пуціцкі з БНФ будзе балатавацца ў
Рэчыцы, а Кастусь Жукоўскі з БХД — у Буда-Кашалёве.
Галоўны рэдактар «Товарища» Сяргей Вазняк
ідзе на выбары на Талачыншчыне, Віталь Броўка (БНФ) — на Пастаўшчыне, Алег
Тычына (АГП) — на Лепельшчыне, Яраслаў Берніковіч (БНФ) — на
Глыбоччыне.
Як бачым, апазіцыя вызначыла сваіх
кандыдатаў ва ўсіх акругах. Застаецца немагчымае — хоць дзесьці арганізаваць
паралельны падлік галасоў.
* * *
«Еўрапейская Беларусь» абяцае выставіць
60 кандыдатаў, хоць палова яе заснавальнікаў выбары
байкатуюць.
Старшыня аргкамітэту Народнай грамады
Мікола Статкевіч абяцае, што на восеньскіх парламенцкіх выбарах ягоная
«Еўрапейская кааліцыя» выставіць каля 60 кандыдатаў. І гэта нягледзячы на тое,
што «Хартыя-97» і «Малады фронт», іншыя элементы кааліцыі,
выказаліся за байкот. Чаму сябры партыяў Статкевіча і Навасяда не ідуць па
агульным спісе кандыдатаў АДС?
«Пачынаючы з мінулага лета, мы
неаднаразова звярталіся да кіраўніцтва АДС з прапановай выпрацаваць агульную
выбарчую платформу, якая б грунтавалася на ідэі еўраінтэграцыі. Аднак
намаганнямі прарасійскіх сілаў унутры апазіцыйнай кааліцыі нашы прапановы былі
адрынутыя», — кажа М.Статкевіч.
«Усё, што расколвае АДС, — дэструктыўная
пазіцыя», — адказвае Статкевічу намеснік старшыні ПКБ Валеры
Ухналёў.
«Наш удзел у выбарах — гэта спроба
змагання з апатыяй і расчараваннем, — парыруе М.Статкевіч. — Асабіста я хачу
пайсці на выбары ў Мінску па акрузе, дзе без мяне не было дастатковай агітацыі
за далучэнне Беларусі да ЕС», — падсумоўвае палітык.
Паводле “Нашай Нівы”
|