Урад адмаўляецца стрымліваць рост цэн
на харчаванне
За чатыры месяцы гэтага года прадукты
падаражэлі на 5,1%.
Віце-прэм’ер ураду Беларусі Андрэй
Кабякоў заявіў, што ўрад будзе кампенсаваць інфляцыю падвышэннем заробку.
Учора ён так патлумачыў журналістам
палітыку ўраду ў справе барацьбы з інфляцыяй:
“У нас з інфляцыяй было б ўсё нармальна.
Але справа ў тым, што мы ня можам проста назіраць за тым, што адбываецца вакол
нас. Калі мы зробім цэнавы аазіс на тэрыторыі нашай дзяржавы, дык мы можам
атрымаць у адказ дэфіцытны рынак па цэлай катэгорыі тавараў. Яны ў нас ужо
каштуюць у 2—2,5 разы танней, чым у нашых суседзяў”.
У Беларусі працягваецца рост цэн на
харчовыя тавары.
Паводле міністэрства статыстыкі і
аналізу, індэкс коштаў на харчовыя тавары ў студзені-красавіку параўнальна са
снежнем 2007 года ўзрос на 5,1%. У красавіку гэтага года параўнальна з сакавіком
кошты на харчовыя тавары ў асноўным павялічыліся на 1,8%.
Найбольш падняліся цэны на гародніну:
ажно на 20%. Пры гэтым морква стала даражэй на 30,8%, а буракі на 34,2%.
Садавіна падаражэла на 5,3%. Да прыкладу, цана на яблыкі паднялася на 6%, а на
цытрусавыя на 6,9%.
Макаронныя вырабы падаражэлі на 4,1%,
свініна на 2,1%.
Паводле Мінскага гарадскога ўпраўлення
статыстыкі, цэны на харчовыя тавары ў Мінску за студзень-красавік 2008 года
павялічыліся ў сярэднім на 18,2% параўнальна з такім жа перыядам 2007 года. Да
прыкладу цэны на алей падняліся на 88,8%, на макаронныя вырабы — на 30,2%, на
сметанковае масла — на 30,1%, на малако і малочныя прадукты — на 28,7%, на сыры
— на 23,1%. Падаражэлі таксама і іншыя харчы – крупы, пшанічная мука, каўбасы,
куры і яйкі. Стала даражэйшай нават бульба – на 5,5%. Садавіна ў Мінску
падаражэла на 45%.
Таксама растуць цэны і на нехарчовыя
тавары. У Мінску за студзень-красавік 2008 года, параўнальна з аналагічным
перыядам мінулага года, яны падаражэлі на 6,3%. Да прыкладу, бензін стаў даражэй
на 14,5%.
Выраслі і цэны на платныя паслугі, а
таксама на прадпрыемствах грамадскага харчавання.
Паводле “Радыё Свабода”
|