N.R.M. ужывую на
Netradio.by
29 траўня адбудзецца калі не грандыёзная,
то прынамсі цікавая падзея ў беларускай музыцы – вялікі акустычны канцэрт гурта
N.R.M. Тым, хто з нейкіх прычынаў не здолее трапіць на гэтую імпрэзу першая
прафесійная радыёстанцыя байнэту Netradio пры падтрымцы Тузіна Гітоў рыхтуе
немалую прыемнасць – жывую трансляцыю гэтага канцэрту на сваім канале Netradio
Live.
А ўжо 21 траўня на іншым канале -
Netradio Hot цягам цэлай гадзіны з 23:00 будуць гучаць выключна песні
N.R.M.
Вялікі акустычны канцэрт гурта N.R.M. мае
адбыцца 29 траўня ў КЗ “Мінск”у 19:00. З гэтага ж часу пачнецца яго жывая
трансляцыя на Netradio.by. “Мы вельмі зацікаўленыя ў трансляцыі жывых канцэртаў
нашых рок-зорак, - тлумачыць кіраўнік гэтага праекту Глеб Марозаў. – Таму
зразумела, што не маглі абысці ўвагаю гэтую цікавую
імпрэзу”.
Netradio мела трансляваць 26 траўня і
цікавы фольк-фэст “World Music Tree” з Віцебску. Але адны з яго ўдзельнікаў –
гурт “Троіца” – выступілі супраць он-лайну. “Мы маем не вельмі станоўчы досвед
падобных трансляцыяў у Польшчы, таму лічым, што да такой падзеі трэба рыхтавацца
адмыслова і грунтоўна”, - патлумачылі Тузіну Гітоў сваю адмову ўдзельнікі
этна-трыё.
Што да N.R.M., то музыкі з радасцю
пагадзіліся на жывую трансляцыю з КЗ “Мінск”. “Чым болей нас пачуюць, тым
лепей”, - кажуць музыкі.
Тым часам ужо 21 траўня на канале
Netradio Hot цягам гадзіны – з 23:00 да 0:00 – у межах аўтарскай праграмы Сяргея
Будкіна “Беларуская раскладка” будуць гучаць выключна творы гурта Лявона
Вольскага – галоўныя гіты, рарытэтныя запісы, іхнія каверы ды каверы на іх.
Паводле “Нашай Нівы”
|