Артура Фінкевіча завочна асудзілі
15 траўня 2008 году суд Першамайскага
раёну ЗАВОЧНА асудзіў намесніка старшыні Маладога Фронту Артура Фінкевіча на
адміністрацыйны арышт тэрмінам на 7 сутак.
Падставаю да гэтага прысуду стаў
пратакол, складзены супрацоўнікамі Першамайскага РАУС пасьля затрыманьня
Фінкевіча каля Нацыянальнай бібліятэкі 1 траўня, дзе ён браў удзел у мірнай
акцыі, прымеркаванай да Дня Працы. Супрацоўнікі РАУС абвінавацілі ўсіх
затрыманых, у тым ліку Артура Фінкевіча, па ч.3 артыкулу 23.34 Кодэксу аб
адміністрацыйных парушэннях (актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве),
склалі на іх пратаколы і выпусцілі, узяўшы падпіску пра абавязак з’явіцца па
першым патрабаванні.
Неабходна зазначыць, што аніводнага разу
пасля 1 траўня Артура ніхто не выклікаў ні ў суд, ні ў РАУС. Пры гэтым, паводле
ч.1 артыкулу 11.4 Працэсуальна-адміністратыўнага Кодэксу, суд ня мае права
разглядаць справу ў адсутнасці абвінавачваемага, акрамя як у сітуацыях, калі
абвінавачваемы прызнаў сваю вінаватасць альбо неаднаразова ігнараваў позвы суду.
Усе затрыманыя на акцыі 1 траўня адмаўлялі сваю вінаватасць, патлумачыўшы, што
з’яўляюцца сябрамі Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, пацвердзіўшы
сваё сяброўства прафсаюзнымі білетамі. Аніводнага з затрыманых на акцыі не
выклікалі ні ў суд, ні ў РАУС пасля 1 траўня.
Тым ня менш, 15 траўня адбылося
паседжанне, пра якое ня ведаў ні Фінкевіч, ні адвакат, які мусіў абараняць
Артура ў судзе. Пра прысуд самому Артуру стала вядома толькі 19-га траўня, калі
яму дадому патэлефанаваў супрацоўнік Першамайскага РАУС г.Менску і пацікавіўся,
як яго знайсці. Супрацоўнік РАУС паведаміў маці Артура, што судом Першамайскага
РАУС ейны сын асуджаны да арышту і РАУС збіраецца аб’явіць яго ў адміністрацыйны
вышук.
Як стала вядома, рашэньне аб
адміністрацыйным пакараньні прыняў суддзя Першамайскага суду Гарбатоўскі. Цытуем
пастанову суду: “Фінькевіча Артура Ўладзіміравіча прысудзіць да
адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе арышту тэрмінам на сем сутак. Тэрмін
арышту адлічваць з моманту яго затрыманьня”.
Адпаведна Кодэксу аб адміністрацыйных
правапарушэньнях, рашэньне суду Першамайскага раёну супярэчыць закону і
з’яўляецца неправамоцным.
Відавочна, што дадзенае рашэнне было
прымеркаванае да ад’езду Фінькевіча у г.Порту (Партугалія), дзе ён мае узяць
удзел у з’ездзе YEPP (Youth of the European People's Party – Моладзь Еўрапейскае
Народнае партыі), які пройдзе там 22-25 траўня 2008 году. Такім чынам беларускія
спецслужбы чарговы раз спрабавалі перашкодзіць міжнароднае дзейнасці Маладога
Фронту.
Нягледзячы на створаныя перашкоды, Артур
Фінкевіч здолеў выехаць з Беларусі. Бліжэйшым часам ён возьме ўдзел ў
запланаваным мерапрыемстве.
Артур пракаментаваў дадзеную сітуацыю па
тэлефоне прэсавай службе МФ:
“Я ўпэўнены, што дадзеная сітуацыя цалкам
відавочная. 13 траўня мяне спрабавалі не прапусьціць праз беларускую мяжу, калі
я ехаў у Вільню на падпісанне пагаднення з Маладымі Хрысціянскімі дэмакратамі
Літвы. Тады мы дзякуючы разуменню памежнікаў, здолелі даехаць да Вільні. Тым ня
менш, па дарозе дадому з Вільні мне паставілі штамп, што я часова пазбаўлены
права выяджаць з Беларусі. На наступны дзень, калі я наведаў аддзел па
грамадзянству і міграцыі, мне прынеслі прабачэнне і патлумачылі, што я трапіў у
базу выпадкова. А літаральна праз тыдзень сітуацыя паўтарылася – і гэта
пацвярджае, што беларускія спецслужбы адмыслова працуюць над тым, каб
перашкодзіць міжнароднае дзейнасці Маладога Фронту.
Але я запэўніваю, што працу Маладога
Фронту ніхто ня спыніць, ні непасрэдна ў Беларусі, ні на міжнароднай арэне.
Рэжым ужо спрабаваў спыніць дзейнасць нашае арганізацыі з дапамогаю
крымінальнага кодэксу, але таварышы пралічыліся. Дык няхай яны ня думаюць, што
сваім дробязным бяспраўем спыняць моладзевы супраціў.
Моладзь сталее, бярэ на сябе адказнасць
ва ўсіх сферах грамадска-палітычнага жыцця Беларусі, і я перакананы, што нашае
пакаленне вельмі хутка спыніць тое беззаконне, якое пакуль яшчэ творыцца на
Беларусі!”
Паводле сайта “Малады
Фронт”
|