Аляксей Марачкін аднавіў вобраз Маці
Божай Курапацкай
Мастак Аляксей Марачкін аднавіў абраз
Маці Божай Курапацкай на каплічцы ў Курапацкім лесе, які быў пашкоджаны
вандаламі.
20 траўня ўвечары Аляксей Марачкін
прыехаў у Курапацкі лес разам з сынам Ігарам. Яны знялі дошку з каплічкі, да
якой быў прымацаваны пашкоджаны вандаламі абраз маці Божай Курапацкай і на яе
месца прымацавалі новую рэпрадукцыю. Спадар Марачкін сказаў, што забірае
пашкоджаную выяву абраза для музею вандалізму.
Арыгінал абраза Маці Божай Курапацкай
усіх нявінна расстраляных, напісаны мастаком каля пяці гадоў таму, знаходзіцца ў
Чырвоным касцёле. Рэстаўрацыяй рэпрадукцыі абраза на каплічцы ў Курапацкім лесе
спадар Марачкін займаецца ўжо трэці раз.
“Ужо трэці раз мы займаемся тым, каб неяк
аднавіць гэтую каплічку. Тое, што зрабілі вандалы, гэта, канечне, уражвае
настолькі. І мы думаем з маім сынам Ігарам зрабіць плакат, якраз прысвечаны
Курапатам. Бо вандалы, калі абрывалі гэтую выяву, то нейкім чынам засталося вока
Маці Божай і слёзы. Гэта так сімвалічна. Гэта вобраз пакутаў і вобраз плачу. Але
сёння мы знаходзімся ў Курапатах і мы адновім гэтую каплічку і будзем
спадзявацца, што, можа, усё ж такі ў тых, хто робіць такую чорную справу
прачнецца сумленне. Бо для нас Курапаты, як для палякаў Катынь. Гэта месца
нявінна расстраляных”.
Пра тое, што абраз Маці Божай на каплічцы
ў Курапацкім лесе быў пашкоджаны вандаламі, стала вядома на пачатку траўня.
Якраз у гэты час мастак знаходзіўся ў вёсцы Барсукі. Пасля вяртання ў Мінск ён
наведаў Курапацкі лес.
“Я проста ўражаны. У гэтага вандала рука,
відаць, можа і нічога ня стрымлівала. Але ва ўсякім разе частка ліка, вока са
слязой засталося. Гэта нібыта пакутніцкая сляза ў Курапатах. Гэта вось сённяшні
стан здзеку над гэтым пакутным месцам ”.
Каплічка ўсталяваная побач з Крыжам
Пакуты на ўваходзе ў Курапацкі лес. На ёй выява абраза маці Божай Курапацкай
усіх нявінна расстраляных. Яна была ўсталяваная на Дзяды ў 2003 годзе. У снежні
2005 году на абразе невядомыя вандалы намалявалі свастыку. Тады ж былі
апаганеныя і іншыя курапацкія памятныя знакі. 5 кастрычніка 2007 года А.Марачкін
абнавіў каплічку.
Паводле “Радыё Свабода”
|