Беларускі шоў-бізнес мае сваю энцыклапэдыю

Прыватны выдавец Зміцер Колас выпусціў у свет “Энцыклапедыю беларускай папулярнай музыкі”.

Упершыню ў адным выданні падаюцца творчыя біяграфіі каля 500 удзельнікаў беларускага шоў-бізнэсу – кампазітараў, музыкаў, спевакоў, паэтаў, прадусараў, гукарэжысёраў, якія працуюць у розных стылях і жанрах гэтак званай папулярнай музыкі. Унікальнасць выдання яшчэ і ў тым, што энцыклапедыя мае не вялікі аўтарскі калектыў, а практычна аднаго аўтара – музычнага крытыка Змітра Падбярэскага.

Вячаслаў Ракіцкі: “Зміцер, ты, па сутнасці, выканаў шматгадовую працу цэлага аддзелу навукова-даследчага інстытуту. Толькі некалькі чалавек крыху табе дапамагалі. Як асмеліўся на такі праект? Як змог гэта пацягнуць?”

Зміцер Падбярэскі: “Справа ў тым, што пра большасць выканаўцаў, якія папулярныя ў розных слаях грамадзтва, няма ніякіх энцыклапедычных звестак. І я падумаў, што такую інфармацыю трэба сабраць і змясціць у адным месцы, каб пра гэтых музыкаў як найменей забываліся. Дый самі музыкі, як я зразумеў у час працы над кнігай, забываюць, што яны рабілі, прыкладам, пяць гадоў таму. А пра тыя гурты, якія існавалі пры канцы 1960-х гадоў, сёння ўжо ўвогуле мала хто памятае”.

Ракіцкі: “Наколькі поўная гэтая энцыклапедыя? Ці бачыш сам, што засталіся белыя плямы?”

Падбярэскі: “Поўнай яна прынцыпова быць ня можа. Усясветны досвед паказвае, што зрабіць на сто адсоткаў поўным падобнае выданне практычна немагчыма. Натуральна, там не хапае многіх імёнаў з розных прычынаў. Некаторыя людзі проста не адказалі на пытанні анкеты, якую я дасылаў. Асабліва гэта тычыцца тых, хто жыве па-за межамі Беларусі. Да некаторых, як, прыкладам, да Яўгена Грышмана я так і ня здолеў дабрацца. Пра некаторых людзей ужо, на жаль, атрымаць звесткі і немагчыма, як, прыкладам, пра Анатоля Гілевіча”.

Ракіцкі: “Чаму навукова-даследчыя інстытуты не вывучаюць сучасную папулярную музыку? У Беларусі застаецца жывучым стэрэатып, што поп-музыка ня ёсць мастацтвам?”

Падбярэскі: “Калі браць папулярную песню, дык яна ў бальшыні сваёй, магчыма, і не з’яўляецца мастацтвам. Але тым ня меней выканаўцы такіх песень існуюць, выдаюць дыскі. А чаму не вывучаецца?.. У Беларусі сапраўды існуе грэблівае стаўленне да гэтак званых “лёгкіх жанраў”. Але ж ці лёгкія жанры ў джазавай музыцы?! Яна часам больш складаная, чым музыка акадэмічная”.

Ракіцкі: “А вы не баіцеся, што ў вашай энцыклапедыі згубяцца сярод поп-выканаўцаў джазавыя і рок-музыкі?”

Падбярэскі: “Не, я не баюся. Пра поп-выканаўцаў часцей гавораць, пішуць, іх больш паказваюць па тэлебачанні. Але вельмі многія з іх ня здольныя зрабіць сольнага канцэрта, а джазавыя музыкі і рок-выканаўцы выступаюць з сольнымі канцэртамі. Папса – вельмі спецыфічная галіна. Але дыскрымінаваць яе ў падобнага роду даведніках ці абмінаць увагай нельга”.

Ракіцкі: “Тэрмін “папулярная музыка” вельмі ўмоўны, спрэчны. Працуючы над такой кнігай, як ты вызначаў, што ёсць папулярная музыка?”

Падбярэскі: “У шырокім значэнні я называю папулярнай музыкай усю музыку, якая папулярная ў пэўных асяродках. Там могуць быць і песні бардаў, і папулярныя мелодыі, як, прыкладам, адажыо з балету “Маленькі прынц” Яўгена Глебава. У больш вузкім значэнні поп-музыка – гэта тая творчасць, якая мае карані ў блюзавай традыцыі. Менавіта з блюзу выйшаў рок-н-рол, дый папулярная песня таксама. Да іх я далучаў таксама песні бардаў, калі яны запісваліся ў студыях з акампанементам гурту ці аркестру”.

Ракіцкі: “А ці мае беларуская папулярная музыка нейкія свае мастацкія параметры?”

Падбярэскі: “У Беларусі ўсталяваўся вельмі цікавы напрамак, які мае і сваё вызначэнне – фолк-мадерн. Такога паняцця я нідзе больш не сустракаў. А ў цэлым беларуская папулярная музыка знаходзіцца, я так лічу, у рэчышчы ўсясветнай папулярнай музыкі”.

Ракіцкі: “Наколькі ваша праца будзе запатрабаванай? Дзе будзе кніга прадавацца? Ці рэальнае яе траплянне ў бібліятэкі?”

Падбярэскі: “Я думаю, што бібліятэкі будуць гэтую кнігу набываць. А як яна будзе распаўсюджвацца, гэта ўжо клопат выдаўца Змітра Коласа. Калі зважаць на ягоны вопыт, раз ён замест планаванай тысячы асобнікаў надрукаваў дзве тысячы, напэўна ж, кніга будзе запатрабаваная”.

Паводле “Радыё Свабода”

‹‹ на галоўную | у архіў