"Магдэбургская Гародня" — першая кніга
серыі "Гарадзенская бібліятэка"
У Гродне Гарадзенскім Рухам “За Свабоду”
выдадзена манаграфія доктара гістарычных навук Юрыя Гардзеева "Магдэбургская
Гародня (сацыяльная тапаграфія і маёмасныя адносіны ў 16—18 ст.)". Гэта першая
кніга серыі "Гарадзенская бібліятэка", што выдаецца пад патранатам лідэра Руху
“За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча. Кніга выйшла пры падтрымцы ўлад Вроцлава
(Польшча), Міністэрства замежных спраў Польшчы, Польска-амерыканскага фонду
Свабоды і Калегіума Усходняй Еўропы імя Яна Новака-Язераньскага
(Польшча).
Багата ілюстраванае выданне прысвечана пытанням
планавання і забудовы Гродна ў перыяд, калі горад карыстаўся Магдэбургскім
правам (з 1496 года да апошніх дзён Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя);
сацыяльнай тапаграфіі гродзенскіх вуліц і плошчаў; саслоўных і маёмасных
адносін, а таксама сацыяльнай стратыграфіі і прафесійнай структуры
горада.
Як зазначае ў прадмове да манаграфіі доктар
гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч, кніга Ю.Гардзеева з'яўляецца першай у
краіне працай, прысвечанай сацыятапаграфіі беларускага горада. Тапаграфія Гродна
адлюстравала ў сабе "змяненне цывілізацыйнай арыентацыі Беларусі — пераход ад
візантыйскай да заходнееўрапейскай традыцыі". Праявай гэтага стала ўзвядзенне ў
аддаленасці ад замка новага канкурэнтнага гарадскога цэнтра — рынку з ратушай.
"Шматгадовая скрупулёзная праца дазволіла Юрыю Гардзееву стварыць унікальную для
Беларусі кнігу, у якой з усёй магчымай паўнатой апісана развіццё горада як
матэрыяльнага аб'екта з уваходам у гісторыю амаль кожнага зямельнага ўчастка", —
гаворыцца ў прадмове. А.Краўцэвіч называе кнігу ўзорам высокага ўзроўню
вывучэння "еўрапейскай гісторыі беларускага горада".
У
інтэрв'ю БелаПАН каардынатар серыі Павел Мажэйка зазначыў, што серыя
"Гарадзенская бібліятэка" прысвячаецца "таму Гродна, якім можна ганарыцца".
"Серыя будзе знаёміць з гісторыяй горада, свабоднай ад ідэалагічнай хлусні, з
мастацкімі творамі і навуковымі працамі гродзенцаў, якія ўнеслі значны ўклад у
сусветную культуру. Кнігі серыі будуць распавядаць аб людзях-стваральніках, якія
супрацьстаялі Герастратам ад улады розных часоў", — сказаў
П.Мажэйка.
Выхадзец з Гродна Юрый Гардзееў — ад'юнкт
Інстытута Расіі і Усходняй Еўропы Ягелонскага універсітэта (Кракаў). З'яўляецца
аўтарам каля 70 публікацый, прысвечаных гісторыі беларускіх гарадоў, у тым ліку
дзвюх кніг аб
Гродна.
|