У ААН паступае ўсё больш
скаргаў ад беларусаў
З упраўлення Вярхоўнага
камісара па правах чалавека ААН у Камітэт ААН па правах чалавека прыйшло
паведамленне аб рэгістрацыі скаргі брэсцкай актывісткі апазіцыі Жанны
Абрамавай.
"Гэта значыць, што ў
адпаведнасці з устаноўленай працэдурай, індывідуальны зварот Ж.Абрамавай у
Камітэт ААН па правах чалавека будзе накіраваны кіраўніцтву Беларусі. А яно, у
сваю чаргу, павіннае падаць у камітэт інфармацыю аб тым, ці мела месца, як гэта
сцвярджае Абрамава, парушэнне ў яе адносінах права, прадугледжанага пунктам 3
артыкулу 9 міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах", — паведаміў
БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.
Па ягоных словах, калі
Камітэтам ААН па правах чалавека будуць усталяваныя парушэнні права на свабоду і
асабістую недатыкальнасць актывісткі апазіцыі, гэта будзе яшчэ адным крокам у
дзейнасці праваабаронцаў, накіраванай на прымяненне на практыцы ў Беларусі
дадзенага артыкулу пакта. Па меркаванні Р.Кісляка, гэтая норма ў Беларусі
парушаецца, што пазбаўляе грамадзянаў, затрыманых па крымінальным
абвінавачванні, гарантыяў справядлівага і бесстаронняга рашэння пытання аб іх
арышце ці вызваленні. Як лічыць Р.Кісляк, такія гарантыі аб’ектыўнасці можа даць
толькі інстытут суддзі, паведамляе БелаПАН.
Актывістка апазіцыі
Ж.Абрамава звярнулася 14 красавіка 2008 года ў Камітэт ААН па правах чалавека са
скаргай на тое, што яе двойчы затрымлівалі па падазрэнні ў здзяйсненні
крымінальнага злачынства (кожная з гэтых справаў у далейшым была спыненая) і
змяшчалі ў ізалятар часовага ўтрымання. У першым выпадку яна знаходзілася там 61
гадзіну, у другім — 72 гадзіны. Абрамава лічыць, што яе ўтрыманне пад вартай
больш за 48 гадзінаў без дастаўлення да суддзі з’яўляецца парушэннем яе права на
свабоду і асабістую недатыкальнасць. Па меркаванні Ж.Абрамавай, пасля затрымання
яе абавязаны былі ў "тэрміновым парадку", як гэта прадугледжана пунктам 3
артыкулу 9 міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, даставіць да
суддзі, і ён павінен быў прымаць рашэнне ці аб яе арышце, ці аб вызваленні.
Абрамава жа не была дастаўленая ў суд і знаходзілася пад вартай на падставе
пастановаў следчых.
Паводле
“Хартыя-97”
|