Сустрэча з чытачамі паэта Сяргея
Законнікава (Вільня)
Пры падтрымцы “Згуртавання беларусаў
свету “Бацькаўшчына” студэнцкае аб’яднанне StudAlliance супольна з сябрамі
аргкамітэту БХД ладзяць сустрэчу з вядомым беларускім паэтам Сяргеем
Законнікавым. Мерапрыемства адбудзецца 15 траўня ў 14.30 у Вільні. Тэмай
сустрэчы абраны словы з вядомага верша – “Я – беларус!”
Месца сустрэчы: вучэбны
корпус ЕГУ, вул. Валакупю, 5 (праезд ад вакзала трал. № 2 да апошняга прыпынку).
Уваход вольны.
Нарадзіўся С. Законнікаў 16 верасня 1946
года ў вёсцы Слабада Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і
настаўнікаў. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1969). Працаваў
настаўнікам роднай мовы і літаратуры, завучам Клетнаўскай СШ Барысаўскага раёна,
карэспандэнтам ушацкай раённай газеты “Патрыёт”, загадчыкам аддзела сельскай
моладзі газеты “Чырвоная змена”, карэспандэнтам аддзела літаратуры і мастацтва
газеты “Звязда”, загадчыкам сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК
КПБ. На працягу 16 гадоў быў галоўным рэдактарам часопіса “Полымя”
(1986–2002).
Аўтар 18 кніг паэзіі, эсэ, публіцыстыкі.
Асобныя выданні выйшлі ў Маскве, Варшаве, Сафіі (у перакладзе). Яго вершы і
паэмы публікаваліся таксама на ўкраінскай, літоўскай, грузінскай, англійскай,
іспанскай, сербскахарвацкай, в’етнамскай і іншых мовах. Перакладае на беларускую
мову творы паэтаў Украіны, Польшчы, Балгарыі, Германіі, Грузіі і
Літвы.
С. Законнікаў – сябра Рады Саюза
беларускіх пісьменнікаў, ганаровы сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, БСДГ,
сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, Беларускага Хельсінскага
камітэта.
Ён лаўрэат Літаратурнай прэміі імя
Аркадзя Куляшова за кнігу паэзіі “Пакуль жыве мая бяроза” (1982), Дзяржаўнай
прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы за кнігу паэзіі “Заклінанне” (1992),
міжнароднай прэміі Польшчы імя Вітольда Гулевіча за кнігу паэм “Чорны конь
апакаліпсісу” (1996), міжнароднай прэміі Украіны імя Рыгора Скаварады за цыкл
вершаў “Жыві, Україна!” (1997), прэміі таварыства “Беларуска-нямецкія сустрэчы”
імя Барыса Кіта за заслугі ў развіцці беларускай літаратуры і ў адраджэнні
духоўнасці (2005). Узнагароджаны медалём “За выратаванне тапельцаў на водах”
(1960), ордэнам “Знак пашаны” (1984), ордэнам Украіны “За заслугі” ІІІ ступені
(2006).
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС
“Бацькаўшчына”
|