Адзін дзень у сям’і палітвязня
Аляксандра Казуліна
Больш за два гады палітвязня Аляксандра
Казуліна чакае яго сям’я – дочкі, унук, бацькі, брат і сястра і ўсе іх родныя.
Не дачакалася вызвалення мужа Ірына
Казуліна, якая памерла сёлета 23 лютага. Экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра
Казуліна асудзілі на пяць з паловай гадоў зняволення па абвінавачанні ў
хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Некалькі дзён таму дочкі
Казуліна мелі доўгатэрміновае спатканне з бацькам у калоніі
“Віцьба-3”.
Вольга Казуліна: “Тата прыйшоў загарэлы.
Ён усміхаецца, такі спакойны...”
Юлія Казуліна: “Аднак
ён сказаў, што гэтыя два месяцы былі самымі цяжкімі за ўвесь час знаходжання за
кратамі, таму што ён там адзін, ні з кім ня мае магчымасці падзяліцца сваімі
перажываннямі з прычыны смерці маці. Ён сказаў, што гэта было самае
цяжкае”...
Я ў гасцях у Казуліных па вяртанні дачок Вольгі і
Юліі і ўнука Ўладзіка з трохдзённага спаткання з Аляксандрам Казуліным у калоніі
“Віцьба-3”. Апошні раз я была ў кватэры Казуліных у лютым 2007 амаль пры такіх
жа абставінах – аднак тады са спаткання з мужам разам з дочкамі вярталася Ірына
Казуліна. Цяпер на сцяне і на століку – два яе вялікія фотапартрэты.
Ірына ўсміхаецца дочкам і ўсім, хто
прыходзіць да іх у госці. Гэтым разам – мне і сябру сям’і Казуліных Сяргею
Скрабцу.
Мы пачынаем слухаць запіс онлайн-канферэнцыі Ірыны
Казулінай для чытачоў сайту “Свабоды”, якая адбылася ўлетку 2006 – на наступны
дзень пасля таго, як яе мужа асудзілі на пяць з паловай гадоў зняволення. Гэты
ды іншыя запісы зрабілі ў рэдакцыі “Свабоды” на просьбу Аляксандра Казуліна.
Аднак кіраўніцтва віцебскай калоніі не дазволіла перадаць палітвязню запісы
выступаў ягонай жонкі на “Радыё Свабода”. І па вяртанні з турмы дочкі ўключаюць
магнітафон...
Спадар: “Пяць з паловай гадоў.
Ніхто ня мае права забіраць столькі гадоў жыцця. Я ў шоку ад гэтага паказальнага
працэсу”.
Ірына Казуліна: “Дзякуй, што людзі разумеюць
і перажываюць разам са мной, пішуць мне. Я магу толькі перадаць гэтыя словы
свайму мужу. Гэта таксама яму вельмі
патрэбна”.
Спадар: “Ірына, скажыце, ці магчыма для
Беларусі стаць свабоднай ад Лукашэнкі дзяржавай бліжэйшым
часам?”
Казуліна: “Я ў гэта веру, таксама як і шмат
людзей, якія нас падтрымліваюць, бо за апошні час многае змянілася ў краіне.
Істотныя перамены непазбежныя ў самы бліжэйшы
час”.
Спадар: “Ці выставіце Вы сваю кандыдатуру на
пасаду прэзідэнта ў 2011 годзе?”
Казуліна: “Сваю
кандыдатуру – не. Але мой муж будзе прэзідэнтам”.
У турэмнай
каплічцы на 30-ты дзень пасля смерці жонкі Аляксандар Казулін запаліў свечкі і
яшчэ раз развітаўся са сваёй жонкай. Як расказваюць дочкі, у капцёрцы, дзе
працуе бацька, ўся сцяна ў фотаздымках Ірыны і ў вырэзках газетных інтэрвію з
Казулінай. Пасля спаткання дочкі адразу паехалі на магілу маці ў Тарасава. Там
было шмат свежых кветак і свечак.
Юлія Казуліна кажа, што
нягледзячы ні на што, у яе застаецца ўнутраная сувязь з маці. “Вельмі часта бачу
яе ў сне. Часта сны бываць трывожныя – мы ўцякаем ад кагосьці... А некалькі
разоў я бачыла, як яна прыходзіць да мяне вельмі прыгожая. Я запытваюся: “Як ты
там, мама?” А яна адказвае, што ў мяне ўсе вельмі добра. Мне вельмі добра
дыхаецца...”
Цяпер адпраўныя кропкі ў жыцці Казуліных – гэта
спатканні з Аляксандрам Казуліным. Усяго было чатыры доўгатэрміновых спаткання з
сям’ёй за два з паловай гады зняволення палітвязня. Наступнае трохдзённае будзе
ў верасні, а кароткатэрміновае мае адбыцца ў ліпені.
Вольга Казуліна: “Але мы вельмі
спадзяемся на тое, што нам ужо не спатрэбіцца ехаць да яго на доўгатэрміновае
спатканне, таму што ён будзе з намі на свабодзе. У верасні будзе палова ягонага
тэрміну, але я рэальна спадзяюся на тое, што ўсё ж Еўрасабў і Амерыка вядуць
сваю вельмі жорсткую і слушную палітыку. Я спадзяюся, што яны моцна націснуць на
Лукашэнку, і той будзе вымушаны яго вызваліць”.
Жыццё Вольгі і Юліі Казулінай кардынальна
змянілася пасля таго, як іх бацька пайшоў у палітыку і трапіў за краты. Вольгу
Казуліну, якая мае дзве вышэйшыя адукацыі, ня бяруць на працу, і яна цяпер
цалкам прысвяціла сябе бацькавым справам – праца з поштай, з сайтам, паездкі,
пікеты, заявы – усё дзеля вызвалення таты.
“Мы так былі
выхаваныя... Тата з самага дзяцінства гаварыў, што кожны чалавек павінен расці
ўнутры сабе, і гэты рост можа адбывацца тады, калі чалавек праходзіць розныя
пакуты. Чалавек павінен развівацца ў гэтых пакутах. Я ўпэўненая, што Бог даў нам
выпрабаванні дзеля таго, каб мы рэалізаваліся, каб мы паказалі, што мы ня тыя
птушкі, якія сядзелі ў яго пад крылом. Мы моцныя, мы самастойныя. Што ня толькі
ён нас можа абараніць, але і мы можам яго абараніць”.
Вольга
і Юлія частуюць мяне і Сяргея Скрабца гарбатай з мёдам. Сяргей быў разам з
Аляксандрам Казуліным у віцебскай калоніі, і цяпер заўсёды падтрымлівае ягоную
сям’ю.
“І дочкі Казуліна, і Ірына, нябожчыца, –
гэта вельмі адважныя людзі. Можна толькі здзіўляцца той стойкасці, з якой яны
выносяць гэтыя выпрабаваньні. Вось у турме людзі, якія нас ахоўвалі з Казуліным
і ня вельмі добра сябе паводзілі, яны прыкрываліся тым, што ў іх ёсць сем’і, іх
трэба карміць. Нібыта ў нас няма сем’яў. Большасць беларусаў, якія сядзяць па
дамах і маўчаць, лічаць, што ад іх залежаць сем’і, дабрабыт... Ведаеце, на гэтым
фоне ёсць вера ў перамены, што ў нас ёсць такая моладзь, як дочкі
Казуліна”.
Палітвязня Аляксандра Казуліна на свабодзе чакаюць
маці, бацька, брат, сястра, дочкі і ўнук Уладзік. Як з іроніяй кажа ягоная маці,
Вольга Казуліна, Уладзік ня хоча болей быць галоўным мужчынам у сям’і, ён хоча
вярнуць гэты абавязак дзеду.
“Чакае дзеда. Мы былі ў калоніі
тры дні. Яны гулялі там і ў футбол, і ў выбівала, і ў валейбол. Столькі часу
правялі разам. У нас цяпер толькі адзін мужчына на свабодзе. А яму ж трэба
перакласці на кагосьці гэтыя абавязкі, таму ён чакае
дзеда...”
Даведка “Свабоды”:
Аляксандар Казулін нарадзіўся 25
лістапада 1955 году ў Мінску. Прафэсар, доктар навук, лідэр Беларускай
сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Удавец, мае двух дачок і
ўнука.
Служыў на Балтыйскім флоце ў марской пяхоце, пасля
дэмабілізацыі працаваў на МТЗ. З чырвоным дыпломам скончыў механіка-матэматычны
факультэт БДУ. Быў сакратаром камітэту камсамола БДУ. Працаваў выкладчыкам,
дэканам факультэту ўніверсітэту, потым у міністэрстве адукацыі начальнікам
аддзелу, намеснікам і першым намеснікам міністра.
Ад 1996 да
2003 году – рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, ад 1998 да 2001 — сябра
ўраду Беларусі, міністр.
У красавіку 2005 году на аб’яднаўчым
з’ездзе абраны старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. У тым
жа годзе стаў заснавальнікам і каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы “Воля
народу”.
На прэзідэнцкіх выбарах 2006 году быў кандыдатамі на
пасаду кіраўніка Беларусі. Яго затрымалі 25 сакавіка падчас разгону шэсця на
праспекце Дзяржынскага і праз чатыры месяцы прысудзілі да пяці з паловай гадоў
пазбаўлення волі за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў. Адбывае
пакаранне ў калоніі “Віцьба-3”. Пры канцы 2006 году 53 дні трымаў палітычную
галадоўку – дамагаўся адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і патрабаваў разгледзець
стан з правамі чалавека ў Беларусі на Радзе бяспекі ААН. У выніку галадоўкі з
ініцыятывы ўраду ЗША на паседжанні Рады бяспекі ААН было ўзнятае пытанне пра
Беларусь. Міжнародная амністыя прызнала Аляксандра Казуліна вязнем
сумлення.
Паводле “Радыё Свабоды”
|