Новым старшынёй БХК абраны Алег
Гулак
Новым старшынёй грамадскага аб’яднання
"Беларускі Хельсінскі камітэт" (БХК) абраны Алег Гулак (раней ён выконваў
абавязкі кіраўніка арганізацыі).
Ягоным намеснікам абраная Таццяна Гацура
(раней — выканаўчы дырэктар БХК). Такі вынік чарговага справаздачна-выбарнага
з’езду БХК, які адбыўся 11 мая пад Мінскам.
Як паведаміла БелаПАН Т.Гацура, у з’ездзе
прынялі ўдзел 36 дэлегатаў. Старшыня арганізацыі Таццяна Процька адмовілася
балатавацца на пасаду старшыні арганізацыі. А.Гулак быў абраны старшынёй БХК
аднагалосна.
"Ніякіх радыкальных зменаў у нашай
дзейнасці чакаць не прыйдзецца. Мы маем свае традыцыі, якія правераныя гадамі.
Важнай задачай у гэтым годзе для нас з’яўляецца маніторынг парламенцкіх выбараў.
Мы не адмовімся ад кантролю за захаваннем правоў чалавека ў Беларусі і намераныя
ўзмацніць працу ў арганізацыі маніторынгаў парушэнняў правоў чалавека,
аналітычную і адукацыйную працу", — сказаў А.Гулак.
Беларускі Хельсінскі камітэт — сапраўдны
сябра Міжнароднай Хельсінскай федэрацыі, якая мае кансультатыўны статус пры ААН
і АБСЕ. Галоўная мэта аб’яднання — абарона ў Беларусі правоў чалавека,
гарантаваных Канстытуцыяй, а таксама дэклараваных Хельсінскімі пагадненнямі і
іншымі міжнароднымі дамовамі. Камітэт выяўляе факты парушэння правоў чалавека і
праводзіць розныя мерапрыемствы з мэтай дасягнуць выканання міжнародных
абавязкаў, якія ўзяла на сябе Беларусь. Дзейнасць БХК таксама накіраваная на
садзейнічанне развіццю праваабарончага руху ў рэгіёнах краіны. У 1998 годзе БХК
быў узнагароджаны прэміяй Еўрапейскага звязу і ЗША за ўклад у развіццё
грамадзянскага грамадства.
Паводле “Хартыі-97”
|