МУС мае намер змагацца з фіктыўнымі шлюбамі

Іміграцыйныя службы Беларусі хочуць паставіць бар'ер фіктыўным шлюбам паміж грамадзянамі Беларусі і іншаземцамі, выкарыстоўваючы ўсясветны досвед.


Міністэрства ўнутраных спраў рыхтуе змены ў Закон “Аб прававым становішчы замежных грамадзян у Беларусі”, якія тычацца спрашчэння працэдуры анулявання віду на жыхарства, калі шлюб будзе прызнаны фіктыўным.

У Мінску кожны трэці шлюб – інтэрнацыянальны

Летась, паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, у Беларусі было зарэгістравана 4 тысячы 588 інтэрнацыянальных шлюбаў. У мінскім Доме шлюбаў у мінулым годзе было зарэгістравана каля 2 тыс. шлюбаў, кожны чацвёрты з іх – так званы “замежны”. Сёлета шлюб з грамадзянамі замежных краінаў рэгіструецца ў кожнай трэцяй пары. Іміграцыйныя службы сутыкнуліся з тым, што вельмі часта заключаюцца фіктыўныя шлюбы з карыслівымі мэтамі.

Фіктыўны шлюб каштуе да 3 тыс. даляраў

Першы намеснік начальніка Дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксей Бягун тлумачыць: “Хоча прыехаць грамадзянін якой-небудзь краіны. У яго няма падставы легальна знаходзіцца ў Беларусі. І вось ён, каб атрымаць дазвол на жыхарства ў Беларусі, каб купіць нерухомасць, заключае шлюб. Фіктыўны. Жанчына атрымлівае грошы, яна яму забяспечыла пэўныя ўмовы – і ён праз месяц купляе тут кватэру. І жыве там спакойна, пакуль грамадзянства не атрымае, а потым ён ужо – паўнавартасны грамадзянін”.

Карэспандэнтка: “А якія сумы могуць быць?”
Бягун: “Сумы могуць быць розныя, да 3 тыс. даляраў цяпер даходзяць”.

Дзеля чаго заключаюцца фіктыўныя шлюбы?

З юрыдычнага пункту гледжання, “фіктыўны шлюб” – гэта шлюб, які заключаецца без сапраўднага намеру сужэнцаў альбо аднаго з іх стварыць сям’ю. Прычыны заключэння фіктыўных шлюбаў: атрыманне сталай прапіскі, спрашчэнне рэгістрацыі па месцы жыхарства, магчымасць атрымаць від на жыхарства, а потым і грамадзянства, ухіліцца ад абавязковага размеркавання.

Распавядае жыхарка Мінска, якая папрасіла не называць яе імя: “Мне была патрэбна чарга на кватэру, і я знайшла сябра, які быў з правінцыі. Яму была патрэбная мінская прапіска, каб працаваць у сталіцы. І мы ажаніліся, скажам так – на ўзаемавыгаднай аснове. Я атрымала тое, што мне было патрэбна, а ён – прапіску, працу ў Мінску, купіў сабе кватэру. І потым, калі я сустрэла сваё сапраўднае каханне, мы скасавалі свой шлюб”.

У гэтым выпадку маладыя людзі проста вырашалі свае жыццёвыя праблемы.

У Беларусь імкнуцца рускія, каўказцы, азіяты

Зараз у Беларусь прыязджае шмат іншаземцаў. Распавядае Аляксей Бягун: “Краіны – у асноўным, дзяржавы СНД, яшчэ некаторыя краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Прэцэдэнт не адзін. Гэта нават не адна тысяча чалавек. Чаму мы ініцыюем гэта пытанне – таму што праблема ёсць. І Еўрапейскі Саюз даўно ў гэтай праблеме плавае, таму што Еўрасаюз яшчэ больш прыцягальны. Мы пачынаем у яе паглыбляцца, таму што мы таксама становімся прыцягальнымі для пэўнай катэгорыі грамадзянаў”.

Аляксей Бягун распавёў, што іншаземцы замацоўваюцца тут, рэгіструючы фіктыўны шлюб, а потым прывозяць сваю шматлікую радню: “Дзяўчына за грошы заключае шлюб з іншаземцам, ён атрымлівае тут від на жыхарства. Прывозіць сваю другую сям’ю, і яны тут разам жывуць. А бываюць выпадкі, калі ягоная былая жонка заключае таксама шлюб з грамадзянінам Беларусі, бываюць наагул такія дзіўныя гісторыі, калі муж і жонка разводзяцца, і заключаюць такі ж шлюб з аналагічнай парай з другога боку. І потым і тыя, і другія абсалютна бязбедна сябе адчуваюць, таму што тыя атрымалі грошы, а гэтыя атрымалі від на жыхарства”.

Даказаць “фіктыўнасць” шлюбу вельмі складана

Прызнаць шлюб фіктыўным можа толькі суд, і тады, да прыкладу, чалавек, які з дапамогай штампу ў пашпарце атрымаў від на жыхарства, губляе яго. Тлумачыць суддзя аднаго са сталічных судоў: “Калі скасоўваецца шлюб, анулюецца від на жыхарства. Таму замежнікі адразу ж уступаюць у другі шлюб. У мяне была справа: пасля скасавання шлюбу – ануляванне віда на жыхарства. Але гэты армянін адразу ж зарэгістраваў другі шлюб і застаўся тут жыць”.

Іміграцыйныя службы, калі ў іх узнікае сумнеў у сапраўднасці шлюбу, накіроўваюць пазовы ў суд. Але ўсё ня так проста, кажа Аляксей Бягун: “Вельмі цяжка атрымаць рашэнне суда, таму што нават тады, калі мы збярэм інфармацыю, якая пацвярджае, што сужэнцы разам не жывуць, узнікаюць нюансы, калі яны прыходзяць на судовае паседжанне, дзе разглядаецца наш пазоў, і кажуць: “А мы кахаем адзін аднаго, мы моцная сям’я”. Суддзя пярэчыць нам: “Ну як мы можам сям’ю разбіваць?”

А суддзя, у сваю чаргу, прыводзіць свае аргумэнты: “Фіктыўнасць браку паспрабуй дакажы. Гэта ж адзін з бакоў павінен прызнацца: “Так, у мяне быў намер не стварыць сям’ю, а нейкія свае меркантыльныя інтарэсы”. Але хто ж прызнаецца? А даказаць гэта вельмі цяжка”.

Сужэнцам давядзецца здаваць тэст – адказаць на 100 пытанняў

А вось МУС Беларусі, па прыкладу шэрагу еўрапейскіх краінаў, прапануе ўвесці абавязковы шэраг пытанняў для асобаў, якія заключылі інтэрнацыянальны шлюб, калі ў праваахоўных органаў ёсць падставы сцвярджаць, што шлюб фіктыўны. Вывучылі дослед Літвы – у іх 60 такіх складаных пытанняў, дадалі свае. Анкета будзе ўтрымліваць сотню пытанняў. Першы намеснік начальніка Дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі МУС Аляксей Бягун пералічыў некаторыя зь іх: “Еўрасаюз ведаеце, што пытаецца? Вось, да прыкладу: “Калі і пры якіх абставінах вы пазнаёміліся? Колькі разоў сустракаліся пасля рэгістрацыі шлюбу? Дзе і калі было вяселле? Колькі чалавек было на вяселлі? Назавіце агульных сяброў і знаёмых. Ці знаёмыя вы з бацькамі сужэнца, братамі, сёстрамі, сваякамі, хто каму кім даводзіцца, як іх завуць, дзе яны жывуць? Калі не знаёмыя, назавіце прычыну...”

Прычым пытанні будуць задавацца кожнаму з сужэнцаў асобна, а потым адказы будуць параўноўвацца. Ну а зараз рыхтуюцца змены ў заканадаўстве. На восеньскую сесію дакумент будзе прадстаўлены на разгляд парламента.

Паводле “Радыё Свабода”

‹‹ на галоўную | у архіў