Дыпламатычны канфлікт паміж Мінскам і
Вашынгтонам абвастраецца
Амбасада ЗША ў Мінску працягвае сваю
працу. Да 15 гадзін суботы 10 амерыканскіх дыпламатаў, абвешчаных персонамі
нон-грата, павінны пакінуць тэрыторыю Беларусі. Разам з імі добраахвотна ад’едзе
яшчэ адзін супрацоўнік амбасады.
Учора Злучаныя Штаты ў апошнюю хвіліну
адмовіліся ад патрабавання зачыніць беларускую амбасаду ў Вашынгтоне і
консульства ў Нью-Ёрку, а таксама ад намеру зачыніць сваю амбасаду ў Мінску. Але
пагроза такога развіцця падзеяў застаецца.
Выказалі беларускім дыпламатам, што
вельмі занепакоеныя тым крокам, на які яны пайшлі
У прэс-службе амбасады ЗША ў Мінску
паведамілі, што дыпламатычная місія працягвае сваю дзейнасць. Аднак амбасада не
прымае візавых зваротаў грамадзян Беларусі — выключэнні магчымыя толькі ў
крытычных выпадках, паведамілі ў амбасадзе.
У МЗС Беларусі ад
каментароў наконт учорашніх падзеяў у дыпламатычным канфлікце са Злучанымі
Штатамі ўстрымліваюцца.
Як чакаецца, ад заўтра ў Мінску
застануцца толькі 4 дыпламаты, уключна з часовым павераным у справах ЗША ў
Беларусі Джонатанам Мурам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, застануцца
таксама консул і тыя супрацоўнікі, якія адказваюць за бяспеку амбасады і
гаспадарчыя пытанні.
10 амерыканскіх дыпламатаў, абвешчаных
персонамі нон-грата, павінны пакінуць тэрыторыю краіны ў суботу да абеду, але
вядома, што яны ня хочуць афішаваць, у які час і якім чынам гэта будзе зроблена.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, яшчэ адзін супрацоўнік амбасады пакіне Беларусь
добраахвотна. Тлумачыцца гэта тым, што сярод высыланых супрацоўнікаў амбасады —
5 марскіх пяхотнікаў, якія ажыццяўляюць ахову, і было вырашана, што шостаму
вайскоўцу няма сэнсу заставацца ў адзіноце.
Паводле
інфармацыі, агучанай намеснікам прэс-сакратара Дзярждэпартаменту Томам
Кейсі, 1 траўня адбыліся кансультацыі паміж дыпламатамі ЗША і Беларусі ў
Мінску і ў Вашынгтоне.
ЗША папярэдзілі беларускія ўлады, што
ў адказ на высылку 10 амерыканскіх дыпламатаў магчымы “поўны дыапазон дзеянняў”.
“Мы выказалі беларускім дыпламатам, што вельмі занепакоеныя
тым крокам, на які яны пайшлі, і нам трэба вельмі сур’ёзна падумаць над тым,
якой будзе ў будучыні іх і нашая дыпламатычная прысутнасць у нашых краінах, але
на гэты момант ніякіх рашэнняў мы не прынялі”, — заявіў Том
Кейсі.
Афіцыйнай інфармацыі аб працягу двухбаковых
дыпламатычных кансультацыяў няма пакуль ні з амерыканскага, ні з беларускага
боку.
Паводле “Радыё Свабода”
|