Статкевіча арыштавалі на 10
сутак
Суд Першамайскага раёну арыштаваў
лідэра аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”
Міколу Статкевіча на 10 сутак.
Палітыка абвінавацілі ва ўдзеле ў
несанкцыянаванай акцыі.
Міколу Статкевіча затрымалі 1 траўня
пасля таго, як ён звярнуўся да прысутных з кароткай віншавальнай прамовай каля
будынку Нацыянальнай бібліятэкі, дзе адбываўся афіцыйна дазволены мітынг. Разам
з ім затрымалі яшчэ каля трох дзясяткаў чалавек, якія мелі пры сабе еўрапейскую
сімволіку.
Справу Міколы Статкевіча разглядаў суддзя
Першамайскага суду Юры Гарбатоўскі. Яго кабінет знаходзіцца за некалькі
кіламетраў ад будынку суду. Ня ўсе паплечнікі Міколы Статкевіча, хто хацеў
прысутнічаць на судзе, паспелі туды дабрацца.
Мікола
Статкевіч адмовіўся даваць паказанні, і таму суддзя, заслухаўшы
сведак-спецназаўцаў, адразу зачытаў судовую пастанову — 10 сутак
арышту.
1 траўня спэцназаўцы затрымалі каля трох дзесяткаў
чалавек. Усіх трымалі ў міліцыі Першамайскага раёну. Спачатку непаўналетніх, а
потым яшчэ каля дваццаці актывістаў адпусцілі пасля таго, як усіх сфатаграфавалі
і знялі адбіткі пальцаў. На Міколу Статкевіча, Артура Фінкевіча, Зміцера
Дашкевіча, Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча і Зміцера Хведарука склалі пратаколы
за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. На Максіма Сергійца, збітага пры затрыманні,
склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыянтам.
Праз
некалькі гадзінаў усіх, акрамя Міколы Статкевіча, адпусцілі, узяўшы распіскі пра
тое, што тыя абавязваюцца на першае ж патрабаванне прыйсці ў суд.
Мікола Статкевіч выйдзе на волю 11
траўня.
Паводле “Радыё Свабода”
|