Вернікі Салігорску
заклікалі маліцца за Казуліна
Група вернікаў з Салігорску
заклікала хрысціян Беларусі разам памаліцца за вызваленне Аляксандра
Казуліна.
Супольную малітву яны
прапануюць зладзіць 25 красавіка а 18-й гадзіне.
Салігорскія хрысціяне
заклікаюць маліцца вернікаў усіх канфесій у розных гарадах і мястэчках Беларусі
адначасна. Адна з ініцыятарак акцыі, грамадская актывістка Ларыса Насановіч
гэтак патлумачыла патрэбу супольнага звароту да Бога: “Усё, што людзі ў нашай
краіне робяць дзеля Казуліна, блакуецца ўладамі. Мы і пікеты спрабавалі ладзіць,
і мітынгі, і подпісы збіралі, але безвынікова. Але нашая ўлада забылася, што Бог
ёсць насамрэч. І менавіта ў ягоных руках усё. Мы ўсе вернікі і мы ведаем, калі
шмат людзей аб’яднаюцца ў малітоўным чыстым імкненні, то гэта дойдзе да нябёсаў.
І тады гэтая цямрэча будзе прарваная”.
Ініцыятыву вернікаў
Салігорску перадусім вітаюць паплечнікі Аляксандра Казуліна ў ягонай партыі.
Гаворыць былы адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч: “Вельмі ўзрадаваны і ўсцешаны
гэтай навіной. Бо апошнім часам судова-прававыя механізмы не спрацоўваюць у
справе вызвалення Аляксандра Казуліна. І такія акцыі духоўныя, як малітва,
будуць сур’ёзнай падтрымкай”.
Супольныя малітвы
беларускія вернікі праводзяць ня першы раз. Так, пратэстанты з розных гарадоў
маліліся за сваіх братоў у веры падчас галадоўкі ў царкве “Новае жыццё”.
Каталіцкая моладзь праводзіла кругласутачныя супольныя малітвы за ўсіх
палітзняволеных за акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы падчас апошніх
прэзідэнцкіх выбараў. У побыце ж супольную малітву вернікі практыкуюць даўно і
стала. Пра адзін з такіх выпадкаў і ягоны вынік распавядае каталічка з горада
Косава Івацэвіцкага раёна вікторыя Савосціна: “Аднойчы з сяброўкай мы маліліся і
прасілі за вельмі мілых для нас людзей, у якіх у доме шмат гадоў не было згоды.
Адна асоба з таго дому казала, што ніколі нізавошта не памірыцца з мужам. Ніколі
і нізавошта! Мы тры дні маліліся, хадзілі вакол святыні і прасілі за іх. І вы
ведаеце, пасля нашай малітвы у іх наступіла згода такая, як і трэба. У Евангеллі
напісана, што там дзе двое ці трое сабраліся ў імя маё, там і я сярод вас. Усё
атрымаеце, што просіце”.
Вернік-пратэстант і
палітолаг Уладзімер Мацкевіч мяркуе, што супольная малітва – адзін са шляхоў
кансалідацыі грамадства, у тым ліку, у галіне палітыкі: “Хрысціяне ўсіх канфесій
упэўненыя ў сіле супольнай малітвы. Для людзей ня веруючых зразумелая піяраўская
моц такой акцыі. Калі людзі далёкія ад нейкіх грамадска-палітычных падзей
змогуць даведацца, што камусьці патрэбная іх дапамога. Па-другое, яны могуць
вызначыцца і заняць пэўную пазіцыю. Гэта паспрыяе актыўнасці вернікаў. А гэта ня
мала, бо на сёння ў Беларусі няма больш дысцыплінаванай еднасці, чым
хрысціянскія грамады і абшчыны”.
Паводле “Радыё
Свабода”
|