Фэст "Будзьма дударамі!" пачаўся ў Мінску

24 красавіка на малой сцэне канцэртнай залі «Мінск» пачаўся сёмы міжнародны фестываль «Дударскі фэст». У ім бяруць удзел дудары з Украіны, Расеі, Польшчы, Літвы, Эстоніі, Балгарыі і Новай Зеландыі. Фестываль праходзіць пад лозунгам "Будзьма дударамі!" Ён прымеркаваны да Вялікадня. Распачаў фэст музыка, які цягам многіх гадоў дапамагае адраджэнню дуды, самы стары дудар Беларусі Уладзімір Пузыня:

“Адраджэнне ідзе. Мы тут без сцягоў нашых, без “Пагоні”. Гэта голас нашых продкаў. Гэта галасы дзядоў-прадзедаў. Гэты гук – як зямля гудзіць. І няхай яна гудзіць доўга, на стагоддзі”.

Пасля спадара Пузыні выступіў самы маленькі ўдзельнік фестывалю сямігадовы Павал Макоўскі.

Адзін з арганізатараў імпрэзы Зміцер Сасноўскі сказаў, што дуда настолькі запісана ў беларускую культуру і гісторыю, што заканамерна вяртае сваё імя. А Беларусь становіцца цэнтрам дударскай культуры ва Усходняй Еўропе. Беларускія майстры вырабляюць ужо ня толькі беларускія дуды, але і шведскія, нямецкія, шатландскія. У Мінску ўтвораны дударскі клуб, які аб’ядноўвае 52 сяброў. Дзейнічае дударскае братэрства святога Васіля. Рыхтуецца да выдання часопіс “Дудар”.

А сёлетні фестываль працягнецца чатыры дні – у нядзелю завершыцца дударскай вечарынай ў клубе “Катакомбы”. Зміцер Сасноўскі распавёў: “Павялічана геаграфія фэсту намнога. Больш дзяўчынак граюць на дудах. Вельмі адметны фэст тым, што многія дудары і майстры дасягнулі новых узроўняў, зрабілі новыя дуды, новыя рэканструкцыі. Зроблены яшчэ некалькі відаў беларускіх дудаў”.

У фэсце бярэ ўдзел дудар-беларус з Новай Зеландыі Андрэй Мароз. Ён будзе граць на шатландскай дудзе. “Я два гады адсутнічаў у Беларусі і тут столькі здарылася, столькі маладых людзей гэтым займаюцца і гэта цікава. У кожнага свае ідэі, задумкі. І яны імкнуцца іх неяк укласці ў свае інструменты, у музыку, якую яны граюць. Мне гэта падабаецца. Я граю на шатландскай дудзе – гэта больш вайсковы інструмент. Яна больш гучная. Яна мае больш высокі гук і яна ўздымае людзей на нейкія ваярскія справы”.

Сярод гледачоў Марына: “Вельмі падабаецца дуда, валынка. І тое, што ўсё ж трэба захоўваць нашу культуру. Не кожны час такое можна пачуць”.

Паводле арганізатараў, фестываль прымеркаваны да Вялікадня. Ён нагадвае пра беларускі абрад “валачобніцтва”, пад час якога адбываецца абыход дамоў з дудой і спевамі.

Паводле «Радыё Рацыя»

‹‹ на галоўную | у архіў