У школах зноў з’явіліся акцябраты
22 красавіка ў шэрагу школаў Беларусі
малодшых школьнікаў прымалі ў акцябраты.
У штабе Беларускай рэспубліканскай
піянерскай арганізацыі (БРПА), якая апякуецца акцябратамі, запэўніваюць:
супадзенне гэтай даты з днём нараджэння Леніна — выпадковае, бо імя
камуністычнага правадыра ў назве арганізацыі няма, а акцябрацкая супольнасць —
не палітычная. Аднак пацвердзілі: ідэалагічны атавізм савецкай эпохі рэанімаваны
“пад ціскам ветэранаў піянерскага руху”. Такім чынам, у сістэму школьнай
адукацыі вернутыя ўсе атрыбуты камуністычнай ідэалогіі: акцябраты, піянеры і
спадкаемцы камсамолу — “бэрээсэмаўцы”.
Спадарыня Ірына
з Воршы сёння пакінула 7-гадовага сына-першаклясніка дома. На 22 красавіка ў
школе, дзе вучыцца сын, прызначаны прыём у акцябраты. Кажа, што не збіраецца
траўмаваць хлапца “савецкімі перажыткамі”. Праўда, не перакананая, што сына не
прымуць у акцябраты завочна — грошы на значкі з бацькоў ужо сабралі:
“Гэта ж у нас, аказваецца, такія навіны! Адным словам, зноў
зявіліся акцябраты, зорачкі чапляюць. Мы ўжо здалі па 2,5 тысячы на значкі, і, я
так разумею, гэта ўвогуле падаецца як патасная падзея. Жах, адным словам, я ў
шоку. Спачатку значэння гэтаму асаблівага нават не надала — ну, акцябраты,
нехта, як раней проста, называе, хоць насамрэч сэнс і назва зусім іншая, у
беларускім кантэксце. Нічога падобнага! І я проста ў шоку! Што гэта
атрымліваецца — зноў сацыялізм-камунізм? Які ў нас камунізм? Дзе? Дык у Мінску
таксама адбываецца тое ж, ці гэта на мясцовым узроўні ідэологі прыдумалі? Адным
словам, ня ведаю, але гэта чыясці праца”.
У аддзеле адукацыі
Аршанскага гарвыканкаму сказалі, што пра ініцыятывы школьных кіраўнікоў ня
ведаюць, бо ідэалагічны складнік выхаваўчай працы — па-за кампетэнцыяй
РАНА:
“Такой інфармацыі афіцыйнай у нас няма. Ня ведаю, што
бацькі такое выдумалі. Афіцыйна ў нас з боку аддзелу адукацыі такога
мерапрыемства, як уступленне дзяцей у акцябраты, не было запланавана, і ня
ведаю, ці дзе яно праводзіцца”.
Старшыня Мінскага абласнога
савету БРПА Алена Артамонава кажа, што ніякіх рэкамендацый адносна тэрмінаў
прыёму малодшых школьнікаў у акцябраты піянерскі штаб не даваў, бо ў школах
самастойна вырашаюць — даспелі дзеці да акцябрацтва ці яшчэ
не.
“Рашэннем апошняга рэспубліканскага злёту малодшым
школьнікам, сябрам Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, па
настойлівай просьбе ветэранаў піянерскага руху ў год 85-годдзя вернутая
гістарычная назва. Мы рэкамендуем іх прымаць ці ў другім паўгоддзі першага
класа, ці ўжо калі яны адаптаваліся да школы, нечаму ўжо навучыліся, увайшлі ў
навучальны працэс. І з дазволу бацькоў мы звычайна прымаем іх на пачатку другога
класа. Дарэчы, імя Леніна даўно няма ў арганізацыі, яна з’яўляецца непалітычнай
і, натуральна, ніякага прыёму адмыслова да 22 красавіка мы не плануем. Калі
толькі супадзе выпадкова”.
Як расказалі некаторыя
настаўнікі, у Мінску ў масавым парадку ў акцябраты рэкрутавалі 2 красавіка, у
так званы Дзень яднання народаў Расіі і Беларусі. Наступная вялікая хваля
мабілізацыі запланаваная на канец траўня, калі яшчэ з савецкіх часоў адзначаецца
дзень утварэння піянерскай арганізацыі.
Выкладчыца малодшых
класаў адной з мінскіх гімназій Антаніна Яўгенаўна расказвае, што фактычна ад
моманту набыцця краінай незалежнасці малодшыя школьнікі былі ахопленыя
своеасаблівым пазакласным гуртком па інтарэсах пад назвай “Нашчадкі” і да
ідэалогіі ня мелі ніякага дачынення:
“Акцябратаў у нас
дакладна не было. Былі “Нашчадкі” — гэта ад першых клясаў да чацвёртых
пачатковай школы. У іх агульных значкаў не было, яны выбіралі самі па інтарэсах
назвы: хто “Расінка”, хто “Бусляняты”, хто якія “Ручайкі”, хто “Светлячкі”. Яны
самі з настаўнікамі вызначаліся, і пад іх мы ўжо замаўлялі адмысловыя знакі
адрознення. Агулам яны называліся “Нашчадкамі”, а ўжо ў сваіх падраздзяленнях
падзяліліся на розных “жучкоў-павучкоў”. Але ніякага дачынення да акцябратаў ня
мелі”.
У снежні 2006 году на злёце БРПА было вырашана вярнуць
малодшым школьнікам ва ўзросце ад 7 да 10 гадоў “гістарычную назву” —
“акцябраты”. На інтэрнэт-старонцы БРСМ, якому падпарадкаваная ідэалагічная сфера
ў дзіцячым і моладзевым асяродку, расказана пра мэты беларускіх акцябратаў:
“выхаванне грамадзянскасці, патрыятызму праз абуджэнне цікавасці да сваёй “малой
Радзімы”, традыцый сваёй сям'і і народу”. “Абуджэнне” адбываецца праз гутаркі з
важатымі. Прыярытэтныя тэмы: “Наша Радзіма — Рэспубліка Беларусь: сцяг, герб,
гімн”. Даступная ўзросту інфармацыя пра бягучыя падзеі ў краіне бярэцца з
матэрыялаў газет і тэлебачання.

Паводле “Радыё Свабода”
|