У Мінскай вобласці
з’явіўся крыж у памяць аб ахвярах партызанаў
19 красавіка ў вёсцы Дражна
Старадарожскага раёна Мінскай вобласці адбылася цырымонія адкрыцця мемарыяльнага
крыжа ў памяць аб мірных жыхарах, знішчаных партызанамі 15 красавіка 1943
года.
Шасціканечны крыж святой
Ефрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы Беларусі, устаноўлены побач з
каталіцкімі могілкамі вёскі, частка якой была спалена, а многія жыхары — забітыя
або спаленыя партызанамі ў сваіх дамах.
Знак устаноўлены па
ініцыятыве мемарыяльнай секцыі грамадскага аб'яднання "Беларускае добраахвотнае
таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" пры падтрымцы моладзевых
дэмакратычных арганізацый і прадстаўнікоў прадпрымальніцкага руху.
Паводле інфармацыі
краязнаўца і журналіста Віктара Хурсіка, 15 красавіка 1943 года партызаны
спалілі ў вёсцы Дражна 37 дамоў, забілі 25 мірных жыхароў, у тым ліку 15 жанчын
і дзяцей. Імёны загінулых пералічаны на мемарыяльнай таблічцы, прымацаванай да
крыжа.
У адкрыцці знака
ўдзельнічалі больш за 30 чалавек, у тым ліку жыхары вёскі і сведкі трагедыі.
Драўляны крыж вышынёй 3,5 метра ўяўляе сабой у сем разоў павялічаную копію крыжа
святой Ефрасінні Полацкай. Малебен і асвячэнне знака правёў праваслаўны святар
айцец Леанід (Акаловіч), які ўшанаваў не толькі памяць загінулых у гэтай
трагедыі, але і тых мясцовых жыхароў, якія былі рэпрэсаваныя ў гады сталінскага
тэрору. Ён асвяціў крыж, а ўдзельнікі цырымоніі ўсклалі да яго
кветкі.
Паводле
БелаПАН
|