Лявон Вольскі выдаў
дэбютны сольны альбом, які распаўсюджваецца цалкам бясплатна
16 красавіка на сайце
www.lvolski.com
адбыўся рэліз дэбютнага сольнага альбому Лявона Вольскага “Куплеты і
прыпевы” - ён распаўсюджваецца цалкам бясплатна ў лічбавым фармаце
mp3.
Альбом складаецца з 10
песень, вытрыманых у стылістыцы арт-брутал і трэш-шансон. У якасці
бонуса на сайце таксама можна спампаваць трэш-відэа “Эўравізія”. “Я сам
не ведаю, чаго ў гэтым альбоме больш - чорнага гумару ці
музыкі”, - прызнаецца Лявон Вольскі. Як усё
рабілася
Ідэя альбому з’явілася
ўвосень 2006. “Я недзе прачытаў пра тое, як нейкі дэпутат прапанаваў
стэрылізаваць бамжоў, алкаголікаў і злосных аліментшчыкаў, - распавядае
Лявон. - Адразу нарадзілася песня “Дэпутаты”. Яна і дала ідэю -
зрабіць гэткі брутальны трэш-шансон-праект”. Астатнія песні
з’явіліся вельмі хутка. Ужо ўвесну 2007 альбом быў запісаны, а летам -
зведзены. Апошняй кропкай у падрыхтоўцы стаў кліп “Эўравізія”, зняты ў
лістападзе 2007. Ён жа стаў першым крокам у прамоцыі дыску - прэм’ера
гэтага трэш-відэа адбылася 1 красавіка. За два тыдні яго паглядзела больш
за 5 тысяч інтэрнэт-карыстальнікаў. Музычны
бок
“Куплеты і прыпевы” -
гіпермінімалістычны і гіперканцэптуальны праект. Амаль увесь ён зроблены Лявонам
Вольскім на культавым старым сінтэзатары Kurzweil, за выняткам
некалькіх партый, выкананых на гітары Паўлам
Трацяком. “Я хацеў, каб аранжыроўкі максімальна адпавядалі
канцэпцыі, - гаворыць Вольскі. - Таму што, на мой погляд,
галоўнае ў гэтых песнях не музыка, якая грае даволі фармальную ролю,
а менавіта тэкст і сама аура. У пэўным сэнсе гэта нават
не “песні”, а менавіта “куплеты і прыпевы”. Таму так і завецца
альбом”.
Лірыка “Куплеты і прыпевы” - гэта
сатырычныя замалёўкі на мяжы рэчаіснасці і брутальнай фантазіі. Іх
“лірычныя” героі ўзятыя з рэальнага жыцця - алкаголікі і оперныя спявачкі,
дэпутаты і палітычныя каментатары, эстрадныя зоркі і памежныя кантрабандысты.
Адзіны міфічны герой гэтага дыску - жыдамасоны.
“Жыдамасоны, як прычына
ўсіх праблемаў у жыцці грамадства, - гэта бадай адзін з найбольш
вялікіх гістарычных міфаў, які быў прыдуманы на пачатку 20-га стагоддзя ў
царскай Расіі і з таго часу шмат выкарыстоўваўся нават у часы СССР, -
тлумачыць Лявон. - Насамрэч добра вядома, што габрэяў сярод масонаў было
не больш за рускіх і прадстаўнікоў іншых нацый. Зараз гэтага міфа ўжо
няма, але традыцыі абвінавачваць у сваіх праблемах усіх, акрамя сябе,
на жаль, засталіся. Менавіта пра гэта і
песня”. P. S.
Альбом атрымаўся брутальны
і жорсткі з аднаго боку, тэатральны і гумарыстычны з другога. Шмат хто скажа,
што ён абсурдны, і Лявон Вольскі першы пагадзіцца з гэтым. “Так, ён абсурдны.
Такі ж абсурдны, як наша жыццё! Толькі на мастацкі лад”, – усміхаецца
спявак.
Паводле сайта
“Tut.by”
|