У Беларусі з’явіцца Інстытут нацыянальнай памяці

Напрыканцы мінулага году ў беларускіх інтэлігенцкіх асяроддзях з’явілася ідэя стварэння Інстытуту нацыянальнай памяці дзеля вывучэння і ушанавання ахвяраў беларускага народу. Ужо зроблены першыя крокі па рэалізацыі гэтай ідэі.

Беларускія ініцыятары стварэння ІНП бралі прыклад з краінаў Цэнтральнай Еўропы, дзе па пачатку 1990-х гадоў пачалі ўзнікаць спецыяльныя структуры, задачай якіх было выкрыццё злачынстваў камуністычных рэжымаў, рэабілітацыя ды ўшанаванне памяці ахвяраў. Падобныя задачы ставяць перад сабой ініцыятары беларускага Інстытуту нацыянальнай памяці. Распавядае Анатоль Грыцкевіч, гісторык, сустаршыня арганізацыйнага камітэту па стварэнню ІНП у Беларусі.

Анатоль Грыцкевіч: У канцы мінулага году было вырашана стварыць такую групу на аснове тых арганізацыяў, якія былі створаны раней па справе Курапатаў. Аднак на тэму сталінскіх рэпрэсіяў ужо ёсць шмат публікацыяў, таму было вырашана ўзяць больш шырокі спектр: ўсё што звязана з гісторыяй рэпрэсіяў ў Беларусі.

Якія задачы ставіць перад сабой група па стварэнні ІНП?

Анатоль Грыцкевіч: Задачы падобныя як у іншых такога рода інстытуцыях. Асноўная – вывучыць усё ад чаго пацярпеў беларускі народ, асабліва ў 20-м стагоддзі. Аднак часам можна пайсці і глыбей ды займацца справамі 16-га, 17-га, 18-га стагоддзяў: нападаў на Беларусь.

Якія зроблены першыя крокі?

Анатоль Грыцкевіч: Першыя крокі, якія зроблены, – арганізацыйныя. Створана група з даследчыкаў, спецыялістаў, якія займаліся раней тэмай рэпрэсіяў. Пакуль аб’яднаныя толькі энтузіясты. Пачынаецца праца па падрыхтоўцы і запісу шырокай панарамы злачынстваў супраць беларускага народу. Такая праца яшчэ не была зроблена. Нават, тая галіна, якая, нібыта, з’яўляецца найлепш удакументаванай і дзе назапашана найбольш інфармацыі – рэпрэсіі супраць беларускага народу з боку акупантаў падчас вайны – ацэньваецца аднабакова. Таму, на маю думку, перад намі шмат працы. Па-першае, інфармаванне насельніцтва Беларусі пра савецкі перыяд рэпрэсіяў, удакладненне пытанняў часоў другой сусветнай вайны, а таксама можна ўздымаць і больш далёкія пытанні з часоў ВКЛ.

З часам задачы дзейнасці цэнтральнаеўрапейскіх інстытутаў памяці пашыраліся. Так напрыклад польскі Інстытут нацыянальнай памяці ажыццяўляе вельмі шырокую даследчыцкую і адукацыйную працу. Падобным чынам і беларускі інстытут сваёй задачай бачыць дзейнасць па адраджэнні беларускай мовы і культуры. Распавядае, гісторык Ігар Кузняцоў, адзін з удзельнікаў ініцыятывы па стварэнню ІНП.

Ігар Кузняцоў: Па прыкладу Інстытуту нацыянальнай памяці ў Польшчы, ў Менску ўзьнікла ідэа стварыць беларускі Інстытут нацыянальнай памяці. Гэта ідэя з’явілася пасля рэалізацыі мінулагодняга праекту “Году памяці”, калі ўзгадвалася 70 год з пачатку масавых рэпрэсіяў ў СССР. Гэта акцыя скончылася, але было вырашана працягваць гэтую працу ў больш шырокім фармаце: ня толькі ўшанаванне памяці ахвяраў рэпрэсіяў, а таксама адраджэнне беларускай мовы ды культуры. У студзені быў праведзены арганізацыйны сход і гэта структура пачала існаваць. Яна існуе на грамадскіх пачатках, таму заўчасна казаць пра эфектыўнасць гэтай працы. Выбраны старшыні арганізацыйнага камітэту, сярод якіх гісторык Грыцкевіч, пісьменнікі Якавенка і Петрашкевіч. У перспектыве задачай інстытуту з’яўляецца праца па пытаннях адраджэння беларускай культуры, мовы, даследаванне рэпрэсіяў і ушанаванне памяці ахвяраў ня толькі сумнавядомых падзеяў 20-га стагоддзя, але і ранейшых войнаў. Гэта вялізарная задача, а сілаў на рэалізацыю недастаткова. Таму што дзяржава ніколі не падтрымае гэтую ідэю, будуць толькі перашкаджаць. Таму на сённяшні дзень гэта можа быць група ў складзе 20-30 чалавек. Таксама ва ўмовах адсутнасці рэсурсаў выдавецкая ды іншая дзейнасць будуць насіць абмежаваны характар. Аднак вельмі важнае значэнне мае сам факт, што частка нашай інтэлігенцыі аб'ядналася вакол гэтай ідэі і ёсць надзея, што ў перспектыве атрымаецца ажыццявіць шэраг важных праектаў па ўшанаванню памяці і адраджэнню беларускай мовы ды культуры, якая сёння знаходзіцца ў цяжкім становішчы.

Тэма савецкіх палітычных рэпрэсіяў супраць беларускага народу замоўчваецца ў сённяшняй Беларусі. Дзяржава ня будзе ні ствараць, ні падтрымліваць ініцыятывы скіраваныя на асвятленне гэтых пытанняў. Таму ініцыятыва па асвятленню пытання рэпрэсіяў сыходзіць ад грамадства, ад беларускай інтэлігенцыі, якая аб’ядналася ў імя аднаўлення памяці пра сапраўдную беларускую гісторыю.

Паводле “Польскага радыё для замежжа”

‹‹ на галоўную | у архіў