Юрыст напісаў кнігу пра
Забэйду-Суміцкага
Мноства навуковых кніжак напісана
ненавукоўцамі, мноства перакладаў зроблена людзьмі, якія не скончвалі факультэт
замежных моў.
Гэтаксама і з гэтай кніжкай пра Міхася
Забэйду-Суміцкага «Песняй даваў людзям радасць», выдадзеную ў серыі «Нашы
славутыя землякі». Такая кніга пабачыла свет толькі цяпер, праз 26 гадоў пасля
смерці Забэйды. І напісаў яе не музыказнаўца, а юрыст з Баранавічаў Алесь
Горбач.
«Я стаўся сучаснікам, нават сваяком
Забэйды — ведаю гэтулькі падрабязнасцяў ягонага жыцця. Гэтак уцягнуўся ў працу
над кнігай», — кажа аўтар.
Аўтар нарадзіўся на Ружанчшыне, у
суседняй праз рэчку вёсцы ад той, дзе некалі жыў спявак. Старыя з ваколіц яшчэ
памятаюць прыезды Забэйды на Бацькаўшчыну і бясплатныя выступы ў сялянскіх
хатах. Каб адчуць асяроддзе, у якім жыў Забэйда, аўтар кнігі наведаў і Прагу,
папрацаваў у чэшскіх архівах. А самае галоўнае, прывёз на магілу Забэйды жменьку
пясочку з магілы маці спевака, якую ён вельмі любіў, але апошні раз бачыў падчас
вайны.
У кнізе змешчаны жыццяпіс нашага спевака,
пададзеныя невядомыя раней факты з бурлівага жыцця песняра. Сабранае ў адно
цэлае тое, што драбінкамі друкавалася па розных выданнях. Шмат цікавых і не
друкаваных раней фотаздымкаў.
Магчыма, некалі пасля з’явяцца больш
ёмістыя даследаванні пра Забэйду-Суміцкага. Але спасылацца яны
будуць на гэтую, першую, кнігу, што сталася яшчэ адной старонкай да вяртання
нашага славутага спевака з небыцця.
Горбач А. Песняй даваў людзям радасць.
— Мінск: Тэхналогія, 2007.
Паводле “Нашай Нівы”
|