Беларускую дыктоўку будуць пісаць ад
Будапешта да Львова
15 сакавіка – у Дзень
Канстытуцыі – удзелам некаторых амбасадараў і прадстаўнікоў дыпламатычных місій
у Рэспубліцы Беларусь распачалася акцыя “Агульнанацыянальная дыктоўка”. Ад 17
сакавіка да канца бягучага тыдня дыктоўка пішацца ў Віцебску. 22 сакавіка яе
піша Гродна. 23 сакавіка ў Мінску дыктоўка будзе ва ўправе БНФ і ў офісе ТБМ.
Гэтым жа днём павінна адбыцца напісанне дыктоўкі ў Віцебску. 24 сакавіка мастакі
Мінску плануюць пісаць яе ў Палацы мастацтваў. 25 сакавіка ў Бабры дыктоўку
напіша вядомы мастак Алесь Пушкін. Гэтак у Беларусі, а як да правядзення
агульнанацыянальнай дыктоўкі ставяцца беларусы замежжа?
Згуртаванне беларусаў свету
“Бацькаўшчына” інфармацыю пра агульнанацыянальную дыктоўку і яе тэкст даслала
беларускім суполкам ды ініцыятывам замежжа і сфармавала адмысловы прызавы фонд
для ўдзельнікаў дыктоўкі. Старшыня Згуртавання Алена Макоўская распавяла
наступнае: “Дыктоўка – ўсё ж не надта традыцыйная форма і можа быць незразумелая
бальшыні арганізацый беларускай дыяспары. Паколькі тут давялося тлумачыць, што
гэта такое і для чаго, то за межамі яна можа ўспрымацца яшчэ больш скептычна.
Найперш мы хочам паглядзець, наколькі эфектыўна гэта пройдзе ў Беларусі. Першы
вопыт заўсёды цяжкі, але я не здзіўлюся, калі ўжо ў наступным годзе дыктоўка
стане традыцыйнай і будзе пісацца ўсімі разам”.
Нягледзячы на пэўныя
цяжкасці, нашы суайчыннікі, што жывуць за межамі краіны, наважаныя браць удзел у
дыктоўцы. Як паведаміў лідэр беларускай дыяспары Польшчы Яўген Вапа, пытанне
ўдзелу актыўна абмяркоўваецца, відавочная зацікаўленасць польскіх беларусаў у
гэтай акцыі.
Аб удзеле літоўскіх
беларусаў распавёў “Радыё Рацыя” грамадскі актывіст, ініцыятар правядзення
агульнанацыянальнай дыктоўкі Уладзімір Падгол: “21 сакавіка дыктоўку ў
Еўрапейскім гуманітарным універсітэце пішуць беларусы Вільнюса. Пішуць
выкладчыкі і студэнты, беларусы, якія там знаходзяцца, прадстаўнікі парламента
Літвы, у прыватнасці Вацлаў Станкевіч. Напіша дыктоўку і заснавальнік першай
падпольнай арганізацыі “Талака” Сяржук Вітушка. Ён сляпы і будзе ўсляпую на
камп’ютары набіраць тэкст”.
Беларусы Расіі таксама не
застануцца ў баку. Лідэр маскоўскай маладзёвай ініцыятывы Ян Маркаў паведаміў,
што гэта мерапрыемства будзе ладзіцца 23 сакавіка сумесна з зямляцкай
ініцыятывай і Грамадой беларускай культуры імя Францыска Скарыны.
Кіраўнік львоўскай
дыяспарскай ініцыятывы Сяржук Нехамес паведаміў аб тым, што 25 сакавіка ў Львове
мае адбыцца набажэнства за Беларусь, а затым - напісанне дыктоўкі: “У Львове ўся
наша парафія складаецца з 10 чалавек. З іх, апрача мяне, толькі двое выраслі ў
Беларусі. Астатнія нарадзіліся ва Украіне і па-беларуску могуць толькі чытаць.
Аднак увечары пасля набажэнства я збяру людзей, і яны будуць пісаць дыктоўку -
такі акт падтрымкі”.
Некалькі ўкраінцаў, што
вучацца ў Будапешце, напішуць дыктоўку 23 сакавіка. Паводле слоў кіраўніка
беларускай ініцыятыўнай групы Венгрыі Змітра Карацеева, яны далучацца да
беларускіх студэнтаў.
Паводле “Радыё
Рацыя”
|