25 сакавіка ў Вільні – Дзень беларускага яднання
90-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі сёлета ў Вільні будуць адзначацца не ў асобных суполках і арганізацыях, як раней, а як агульнае свята, як Дзень беларускага яднання. Такім чынам будзе адноўленая даваенная традыцыя, калі ў дзень 25 сакавіка ў Вільні праходзілі агульная малітва за Беларусь, урачысты сход, канцэрт і шэсце. У такі дзень забываліся палітычныя падзелы і асабістыя амбіцыі, а ўся беларуская грамада пачувалася адным цэлым. Гэтак мяркуецца зрабіць і сёлета.
А 12 гадзіне адбудзецца ўскладанне вянка да помніка стваральнікам БНР братам Івану і Антону Луцкевічам на могілках Роса. А 15 гадзіне распачнецца Урачысты сход і святочны канцэрт у віленскім Доме настаўніка. Пасля канцэрта публіка рушыць шэсцем да Базыльянскіх муроў, дзе ў 17.30 у царкве Святой Тройцы адбудзецца супольная малітва за Беларусь.
Арганізуюць Дзень беларускага яднання вядомыя віленскія дзеячы разам са студэнтамі гарадскіх універсітэтаў і проста неабыякавымі да незалежнасці Беларусі людзьмі – бізнесоўцамі, педагогамі, журналістамі. Дэвіз сёлетняга свята: “Будзьма разам у гэты дзень!”
Беларуская грамада горада Вільні
|