15 сакавіка ў Старых Дарогах адчыняецца першы помнік БНР
У райцэнтры Старыя Дарогі ў суботу адбудзецца ўрачыстае адкрыццё першага помніка заснавальнікам Беларускай Народнай Рэспублікі.
Арыгінальны помнік створаны і ўсталяваны на сядзібе музею выяўленчага мастацтва Анатоля Белага. Падзея прымеркаваная да 90-годдзя абвяшчэння БНР.
Арганізатар урачыстасці — культурна-асветніцкі клуб “Спадчына”. Яго старшыня Анатоль Белы паведаміў, што на адкрыццё запрошаныя прадстаўнікі замежных амбасадаў, кіраўнікі і сябры апазіцыйных партыяў і рухаў, а таксама ўсе, хто шануе гісторыю Бацькаўшчыны. Пачатак імпрэзы ў Старых Дарогах 15 сакавіка а 14 гадзіне.
Анатоль Белы кажа, што ўпершыню ў Беларусі створаны помнік найбольш знакамітым заснавальнікам БНР.
“Гэта ліст жалеза памерам 1,5 метра ўвышыню і 2 метры ўшырыню. Наверсе яго надпіс “Заснавальнікам БНР”. Тут жа 18 барэльефаў, якія адлітыя з металу. Таксама металічны герб “Пагоня” памерам 65 на 55 сантыметраў. І шыльда. На ёй напісана: “Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае Беларусь незалежнай і суверэннай дзяржавай”.
Прозвішчы тых, хто зацвердзіў такія рашэнні, называе прафесар Анатоль Грыцкевіч: “Сама ініцыятыва абвяшчэння незалежнасці БНР належала Віленскай беларускай радзе, якую ўзначальваў Антон Луцкевіч і ў якую ўваходзіў ягоны брат Іван, а таксама шэраг іншых асобаў, у тым ліку Вацлаў Ластоўскі. З гэтым выступалі Аркадзь Смоліч, Язэп Варонка, Пётра Крэчэўскі, Язэп Лёсік, Тамаш Грыб, Іваноўскі, Доўнар-Запольскі. Увогуле, усе беларускія сілы, у тым ліку нават і правыя сілы, гэта значыць прадстаўнікі абшарнікаў, нават і яны стаялі за незалежнасць БНР”.
Акрамя тых, чые прозвішчы назваў беларускі гісторык Грыцкевіч, на помніку таксама барэльефы яшчэ 11 патрыётаў.
Паводле “Радыё Свабода”
|