На Вялікдзень — жывая трансляцыя з Ватыкану
Сёлета тэлеканал «Лад» будзе ўпершыню трансляваць велікодныя мерапрыемствы з удзелам папы рымскага Бенедыкта XVI. Пра гэта 13 сакавіка на прэсавай канферэнцыі ў Мінску паведаміў сакратар Беларускай рымска-каталіцкай царквы ксёндз Аляксандр Амяльчэня.
Паводле ягоных слоў, 21 сакавіка а 22:10 на тэлеканале «Лад» пачнецца жывая трансляцыя хроснага ходу ля рымскага Калізея на чале з святым айцом.
«Хросны ход ёсць традыцыйным богаслужэннем Вялікага посту. І раз у год такі хросны ход у рымскім Калізеі, гісторыя якога звязаная з катаваннямі першых хрысціян, праводзіць святы пантыфік», — сказаў Аляксандр Амяльчэня.
Акрамя таго, паводле ягоных слоў, упершыню ў святкаванні ў Менску Вербніцы, 16 сакавіка, прысвечанай уваходжанню Ісуса Хрыста ў Іерусалім, будзе выкарыстаны элемент тэатралізацыі: у працэсію ля Архікатэдральнага касцёлу Прасвятой Дзевы Марыі ўключаць асла з чалавекам у ролі Ісуса Хрыста на ім.
Паводле газета “Пагоня”
|