25 сакавіка “Бацькаўшчына” адзначае новымі выданнямі
Напярэдадні 25 сакавіка “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” зрабіла падарунак аматарам гісторыі, усім чытачам, якія паважаюць і цэняць нашу гісторыю, – два друкаваныя выданні, звязаныя з гісторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі.
Першае — новая п’еса драматурга, пісьменніка, публіцыста, заслужанага работніка культуры Беларусі, кандыдата гістарычных навук Алеся Петрашкевіча “Приласкать и уничтожить”. У гэтым творы аўтар закранае гісторыю станаўлення нашай дзяржаўнасці і распавядае пра тое, як стваралася Беларуская Народная Рэспубліка.
Творчасць А. Петрашкевіча пачыналася ў 50-я гады ХХ ст. з публіцыстыкі, фельетонаў і сатыры. Да гістарычнай тэматыкі драматург звярнуўся ў сярэдзіне 70-х гадоў, калі напісаў першую п’есу «Напісанае застаецца», якая распавядае пра жыццё Францыска Скарыны. Гістарычныя п'есы Алеся Петрашкевіча былі выдадзены зборнікамі "Воля на крыжы" (2000), "Здрапежаная зямля" (2003). У 2007 годзе выйшла ў часопісе “Дзеяслоў” новы гістарычны твор, прысвечаны вядомаму змагару за незалежнасць Беларусі Кастусю Каліноўскаму “Рыцар свабоды”.

Алесь Петрашкевіч адказаў на пытанні інфармацыйнага цэнтра “Бацькаўшчыны”:
“Якім чынам нарадзілася ў вас ідэя напісаць п’есу на тэму стварэння БНР?”
“Сама ідэя напісання такой п’есы нарадзілася 20 год таму. Гэта пісалася не да юбілею, проста так атрымалася, што менавіта на юбілей гэты твор пабачыў свет. Гісторыя звязаная з БНР – гэта трагічная падзея нашай гісторыі. Калі раней былі ахвяры, рэпрэсія супраць рэвалюцыянераў, то гэта катастрофа рыцарскай мары, мары аб светлай будучыні. Мне здавалася, што гэта у першую чаргу жанр драматургічны, а драматычныя падзеі важна зрабіць эмацыйна. І менавіта ў драматургіі гэта можна зрабіць найбольш яскрава, бо калі п’еса пастаўлена – гэта сінтэс аўтара, актораў, рэжысёра, святла тэатральнага і адчуванняў гледачоў. Калі кажуць, што ў вайну цара Аляксея Міхайлавіча з ВКЛ быў зламаны хрыбет гістарычны, то тут зламаны лёс народа. Бо невядома, як бы склалася гісторыя надалей, можа і не было б Вялікай айчыннай вайны. Калі б хапіла розуму Пілсудскаму і Кайзеру прызнаць наваствораную Беларусь, і Еўропе хапіла розуму прызнаць рэспублікі, то мы б, вядома, былі б не такімі і зараз бы жылі ў іншай краіне. Але гісторыя не церпіць ускоснага склону”.
“Якія матэрыялы выкарыстоўваліся падчас напісання п’есы?”
“Гэта першая п’еса, у якой я прывёў усю літаратуру скарыстаную падчас напісання. Яна абсалютна дакументальная, можа ў гэтым яе мінус, а можа і плюс. Я карыстаўся дакументамі, якія друкаваліся ў ЗША, матэрыяламі вядомых гісторыкаў, якія займаюцца гэтым перыядам гістарычным. Ва ўсіх сваіх гістарычных п’есах я выкарыстоўваю дакументы, нават калі п’есы распавядаюць пра далёкую нашу гісторыю, пра ХІІ стагоддзе выкарыстоўваю летапісы для напісання. Для мяне гэта пачатак, а можа, я выдам 20 такіх п’ес, але яны створаны ў мяне храналагічна.”
“Ці ёсць у вас новыя задумкі на будучыню?”
Гэта 19-я п’еса з серыі гістарычных п’ес. Я для сябе 20 год таму вырашыў, што хачу напісаць па п’есе на кожнае стагоддзе. Ад Рагнеды да Янкі Купалы, а зараз ужо і да БНР. На дадзены момант я працую над 20-й п’есай, якая закранае новую гісторыю, малараспрацаваную – Напалеон і Беларусь. Гэта гісторыя надзвычай схавана ад чытачоў. Аляксандр І выпаліў Беларусь, адступаючы, і пакінуў Напалеону пустэчу. Напалеон праехаў амаль усю Беларусь, а беларусаў так і не пабачыў. А пасля, адступаючы, зноўку дзве арміі пракацілі па краіне, і мясцовае насельніцтва было мабілізавана ў дзве арміі, і на рацэ Бярэзіна сутыкнуліся фактычна брат з братам. Наша родная Беларусь страціла мільён людзей падчас гэтай вайны – ад эпідэмій, баёў і няшчасцяў.
Мая праца над гістарычнымі п’есамі – гэта мае паўстанне і маё адраджэнне. Ніякага адраджэння не будзе, пакуль чалавек не адродзіцца сам. Мяне падштурхнула на гэту тэму праца ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя”. Калі я выдаваў кнігу “Памяць”. Менавіта за гэтае шматтомнае выданне мяне і знялі, таму што я друкаваў спісы рэабілітаваных, і шмат каму гэта не падабалася. Вельмі шкада з сабой зносіць тое, што ведаеш”.
Другое выданне, якое пабачыла свет пры дапамозе “ЗБС “Бацькаўшчына” і Рады БНР, – насценны перакідны каляровы каляндар да 90-годдзя БНР. Прадмову да календара напісалі першы намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык і гісторык Янка Запруднік. Укладальнікі календара – гісторыкі Алег і Наталля Гардзіенкі. Дарэчы, напрыканцы 2007 года яны былі ўкладальнікамі і календара “Беларускія мясціны ў свеце”, таксама выдадзенага “Бацькаўшчынай”.

На кожны месяц календара размешчана па адным фотаздымку – кіраўнікоў Рады БНР, а таксама старшыняў Урада БНР, што дзейнічаў у Беларусі. Гістарычныя постаці Янкі Серады, Язэпа Лёсіка, Пётры Крэчаўскага, Васіля Захаркі, Міколы Абрамчыка, Вінцэнта Жука Грышкевіча, Язэпа Сажыча ды Івонкі Сурвіллы, Язэпа Варонкі, Антона Луцкевіча, Рамана Скірмунта і Вацлава Ластоўскага з аўтографамі паўстаюць на фоне старонак арыгінальных дакументаў, звязаных з дзейнасцю БНР. На адваротным баку кожнага месяца можна пабачыць каляндар на 1918 год і біяграфію аднаго з кіраўнікоў БНР.
Укладальнікі ставілі за мэту “…рэпрэзентаваць тых асобаў, што кіравалі БНР, а таксама дакументы і публікацыі, звязаныя з іх грамадска-палітычнай дзейнасцю, і такім чынам ушанаваць 90-годдзе спробы дзяржаўнага ўвасаблення беларускай незалежнасці”.

Сваімі думкамі наконт календара падзялілася Наталля Гардзіенка
“З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся пры падрыхтоўкі календара і пошуку інфармацыі?”
“Сярод цяжкасцяў можна назваць праблему знайсці якасныя фотаздымкі, так як пераважна прысутнічаюць копіі матэрыялаў. І мы шукалі па архівах прыватных і дзяржаўных. Таксама была праблема зняцця якаснай копіі з дакументаў звязаных з БНР. А сама ідэя ў нас з’явілася даўно і да рэалізацыі яе прайшло шмат часу, бо першапачаткова зацікавіліся такім календаром мы да 85-х угодкаў БНР. Але тады мы былі вельмі занятыя іншымі кнігамі і ўвесь час адкладалі гэту ідэю. З канца 2007 года пабачылі, што патрэба ў гэтым ёсць, і адкладаць гэту працу болей немагчыма, адклалі ўсе свае праекты і заняліся БНР”.
“Як вы лічыце, у першую чаргу для каго будзе цікавы гэты каляндар?”
“Мне хацелася б каб гэты каляндра працаваў на папулярызацыю ведаю пра БНР, пра Беларусь не савецкую. Пра Савецкую Беларусь у нашы часы і на працягу савецкага перыяду было шмат сказана і напісана. Нам хацелася зрабіць каляндар цікавым не толькі для вузкага колу спецыялістаў, бо там арыгінальныя матэрыялы, аўтографы, фотаздымкі, маркі, але я хацела паказаць, што БНР гэта рэальна, бо гэта можна памацаць рукамі”.
“Ці атрымае каляндар беларуская дыяспара, бо відавочна, што ім гэта цікава, і можа цікава больш, чым у нашай краіне?”
“Сам каляндар наўрад ці будзе выдадзены ў замежжы, але ён выдаваўся з дапамогай Рады БНР і нейкая частка накладу відавочна патрапіць туды”.
“Вы працуеце з дыяспарай, гэта ўжо другі каляндар, які вы рыхтуеце на гэту тэматыку з дапамогай “ЗБС “Бацькаўшчына”. Што далей? Якія ў вас планы?”
“Мы працуем над кнігамі, прысвечанымі беларускай дыяспары, калі атрымаецца і праца будзе скончана, то, верагодна, пабачаць у гэтым годзе свет кнігі пра беларусаў ЗША і Вялікабрытаніі. Зараз абмяркоўваем і збіраем матэрыялы для новага календара, але гэта ўжо будзе на 2009 год”.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|