“Бацькаўшчына” запрашае на мерапрыемствы да 90-годдзя БНР

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” працягвае шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 90-годдзю БНР і Году беларускай дзяржаўнасці. Запрашаем усіх ахвотных далучацца да супольнага святкавання – наведаць мерапрыемствы ў вашым горадзе. Надалей будзем рэгулярна інфармаваць пра бліжэйшыя планы.

— 13 сакавіка, у чацвер, у Гародні ў 18.30 бард Зміцер Бартосік прэзэнтуе сваю праграму прысвечаную 90-годддзю БНР. Слухачамі новай праграмы ўжо былі палачане і салігорцы. Новая праграма – гэта вядомыя ўсім вершы Акуджавы, Вярцінскага, Высоцкага ў перакладзе на беларускую мову.

Напачатку канцэрта адбудзецца прэзентацыя кнігі журналіста Севярына Квяткоўскага “Фрашкі да пляшкі”. “Фрашкі да пляшкі” – зборнік кароткіх гісторый з жыцця вядомых беларускіх палітыкаў, музыкантаў, літаратараў, мастакоў, журналістаў, а таксама паспалітых людзей: выкладчыкаў, міліцыянераў, рабочых...

Імпрэза адбудзецца: г. Гродна, вул. Будзёнага, 48а-44 (памяшканне Таварыства Беларускай Школы).

— 12 сакавіка ў Слуцку і Салігорску вядомы пісьменнікі Уладзімір Арлоў і Алесь Пашкевіч праводзяць сустрэчы са сваімі чытачамі. Удзельнікаў чакае прэзентацыя новай кнігі Уладзіміра Арлова “Імёны свабоды”. У кнігу ўвайшоў 261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды 18–21 стагоддзяў і значнае месца сярод артыкулаў прысвечана “бацькам” БНР. “І вядома на слуцкай зямлі ў гэтыя дні я буду казаць пра слуцкае паўстанне, пра 1918-20 гады”, – кажа пра будучую прэзентацыю сам пісьменнік.

Алесь Пашкевіч, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў, будзе распавядаць пра гістарычны шлях нашай Бацькаўшчыны. Пісьменнік з’яўляецца аўтарам вядомага рамана-дакумента, прысвечанага Слуцкаму паўстанню, “Пляц волі”.

Упершыню ў гэтых гарадах адбудзецца прэзентацыя кнігі “Дарога” старшыні Рады БНР, слыннай дзеячкі беларусай дыяспары Івонкі Сурвіллы.

Пачатак:
Слуцк: 12 сакавіка а 17 гадзіне, каард. Курыльчык Мікола (тэл.маб.: (029) 657 90 45).
Салігорск: 12 сакавіка а 19 гадзіне, каард. Шыла Іван (тэл.маб.: (029) 370 02 04).
Запланавана сустрэча пісьменнікаў і з жыхарамі горада Мазыра на 15 сакавіка (падрабязнасці будуць дадаткова).

— Яшчэ адна літаратурная сустрэча з чытачамі адбудзецца 20 сакавіка ў Маладэчна. Вядомая беларуская пісьменніца Вольга Іпатава падчас сутрэчы прэзентуе кнігу, якую выдала МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, — “Мы стваралі сваю Беларусь” Вольгі Грыцук. В. Іпатава з’яўляецца ўкладальніцай гэтай кнігі.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

‹‹ на галоўную | у архіў