“Радыё Рацыя” і Партыя БНФ распачалі віктарыну да 90-годдзя БНР
Ад 10 да 25 сакавіка на сайце Радыё Рацыя (http://www.racyja.com) адбываецца віктарына. Наведнікі сайту мусяць адказаць на нескладанае пытанне па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, даслаць першымі правільны адказ на адрас рэдакцыі. Пераможца вызначаецца штодня і атрымлівае адмысловы прыз - музычную складанку "НезалежныЯ" з аўтографамі ўлюбёных выканаўцаў.
Аўтар пытанняў віктарыны - малады гісторык з Пінску Зміцер Кісель. Пытанні тычацца дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі, Рады БНР, падзеяў 1918—1921 гг. "Многія лічаць, што дасканала ведаюць гісторыю БНР. Але гэта не зусім так. Гэты перыяд нашай гісторыі крые ў сабе больш пытанняў, чым адказаў", - гаворыць Зміцер Кісель.
Штодня на сайце “Радыё Рацыя” можна будзе праслухаць урыўкі з песняў з музычнага праекту "НезалежныЯ". Як гаворыць укладальнік складанкі, актывіст Партыі БНФ Раман Латушка, у складанку ўвойдуць песьні і кампазыцыі больш чым дваццаці беларускіх гуртоў, ад "генералаў" N.R.M., "Гарадзкія", "Pomidoroff" да зусім маладых "Амарока", "Унія", "Ростра", "Ска!РБ" і інш. Альбом прысвячаецца 90-ым угодкам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і будзе выдадзены акурат да свята 25 сакавіка.
Паводле “Радыё Рація”
|