Алена Макоўская: “Кангрэс дыяспары дазваляе стварыць пляцоўку для дыскусій, абмену вопытам, супрацоўніцтва”

З 1 па 5 сакавіка ў Таліне адбыўся першы кангрэс маладой беларускай дыяспары Еўропы і ЗША. У мерапрыемстве бралі ўдзел беларусы замежжа з Швецыі, Літвы, Польшчы, Францыі, Германіі і ЗША. Таксама на сустрэчы прысутнічала і старшыня Рады МГА “Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская. Сёння яна падзялілася сваімі ўражаннямі ад Кангрэса.

“Кангрэс маладой палітычнай эміграцыі ў Таліне – не першая міжнародная сустрэча беларусаў замежжа. Такія сустрэчы, кангрэсы ці з’езды ўжо мелі месца, збіраючы альбо новую палітычную эміграцыю, альбо зарэгістраваныя і дзеючыя суполкі дыяспары. Натуральна, што пытанні на гэтых сустрэчах таксама абмяркоўваюцца розныя, ад вырашэння нейкіх агульных, супольных праблем, да заснавання міжнародных парасонавых структур – апошняя форма паказала сваю малую эфектыўнасць”, – кажа старшыня “Бацькаўчшыны”.

Кангрэс замежных беларусаў прывітаў міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт.

“Вольны свет не забыўся пра Беларусь, а самі беларусы не згубілі надзеі на перамогу дэмакратыі ў сваёй краіне і гатовы дзеля яе працаваць”, звярнуўся да ўдзельнікаў Кангрэсу кіраўнік эстонскага замежна-палітычнага ведамства.

Паводле Урмаса Паэта, істотную ролю ў развіцці дэмакратыі ў Беларусі адыгрываюць замежныя дыяспары, у тым ліку і Эстоніі. Кіраўнік эстонскага МЗС выказаў упэўненасць, што кангрэс пакладзе пачатак супрацоўніцтва розных беларускіх арганізацыяў.

Алена Макоўская падкрэсліла: “Такога кшталту сустрэчы карысныя, і добра б было калі б яны ладзіліся рэгулярна. Яны дазваляюць стварыць пляцоўку для дыскусій, абмену вопытам, абмеркаванняў і вырашэння праблем, а самае галоўнае дапамагаюць наладзіць супрацоўніцтва паміж беларусамі розных краін. Пазітыўна і тое, што ўдзельнікі не ставілі перад сабой звыш мэтаў, а вызначалі перспектывы і прыярытэтнасць дзейнасці на будучыню. Большасць з прысутных ужо мае грамадзянства іншых краін і сталае месца працы. Гэта самадастатковыя, амбітныя, энергічныя людзі, якія шчыра імкнуцца дапамагчы Беларусі. Вельмі ўдзячна арганізатарам за запрашэнне да ўдзелу ў кангрэсе”.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

‹‹ на галоўную | у архіў