Далучайся да зборніку беларускіх кліпаў “Кліп-марафон”

У красавіку выходзіць DVD зборнік з беларускімі кліпамі канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў пад назвай “Кліп-марафон”. Унікальны зборнік мяркуе сабраць музычныя ролікі “класікаў” беларускага року і маладых гуртоў. Многія з кліпаў была магчымасць пабачыць падчас “Кліп-марафону”, што адбыўся гэтай восенню 2007 года на Сядзібе БНФ. Творы будуць класіфікаваныя па намінацыях “Анімацыйныя кліпы”, “Чорна-белыя”, “Цяжкая музыка”, “Мінская вясна” і г.д.

На зборнік трапяць і кліпы гуртоў “Бонда” і “Рэй”, да стварэння якіх у 80-х гады “прыклаў руку” знаны музычны крытык Вітаўт Мартыненка. Вось што гаворыць пра гэта сам Вітаўт: “Вакол кліпа “Ура” “Бонды” завязана шмат цікавых гісторый, вядомых мала каму. Здымалі яго музыкі за свае грошы і надзвычай выдаткаваліся – аддалі суму, прыкладна роўную “Жыгулям”. Прычым, я застаўся на плёнцы зусім выпадкова. Па сюжэце здымалі людзей, што па адным выскоквалі з падвала цалкам засыпанага Верхняга горада Мінску. Дык вось, на плёнцы, адразу пасля майго скачку, астатнія кадры з гэтага эпізоду абрэзалі. Падчас здымкі кліпу гурта “Рэй” “Храмы падаюць” фінансавых сродкаў было зусім няшмат. Таму акторамі пабывалі ці не ўсе сябры здымачнай групы. У тым ліку і я. Па сцэнарыі людзі ізноў такі павінны былі выскокваць. У гэтым разе з храма, які руйнаваўся. Я вырашыў зрабіць гэта больш эфектна, чым планавалася, і праляцець над аператарам. Але ў выніку атрымалася не зусім не так, як я чакаў, і я вывіхнуў нагу.”

Пра ідэю стварэння такога зборніку DVD музычны крытык зазначае: “Беларускія кліпы здымаюць рэдка, але якасна. Выпусціць гэты DVD – тое самае, што паказаць людзям крыж Ефрасінні Полацкай. Гэта сімвалічныя шэдэўры. Калі выходзіў альбом “Генералы айчыннага року”, я настойваў, каб туды ўзялі запісы 80-х гадоў. І людзі потым здзіўляліся: гэта “Мясцовы час” так спяваў? Тое самае будзе і з кліпамі, калі іх пабачыць грамадства. Калісьці мне ў рукі патрапіў дыск з кліпамі гурта “Led Zeppelin”, дзе, акрамя камерцыйнага прадукту, была яшчэ нарэзка самаробных ролікаў, зробленых недзе ў гаражы. Дык вось, я праглядзеў гэтыя кавалкі разоў дзесяць! Таму, я думаю, такія зборнікі варта рабіць. Гэта паказвае, што мы жывем і варушымся.”

Паколькі стваральнікі “Кліп-марафону” хочуць змясціць на яе як мага болей кліпаў, то збор ролікаў працягваецца! Трапіць у зборнік можа абсалютна любы беларускі гурт, што мае кліп. Кантактаваць па арганізацыйных пытаннях можна праз тэлефон: 649 08 88 (маб.), альбо e-mail: vitaut.super88@gmail.com

Дар’я Гарошка

‹‹ на галоўную | у архіў