“NRM”, “Гарадзкія”, “Зэт” у складанцы “НезалежныЯ”
З нагоды 90-годдзя абвяшчэння БНР будзе выдадзены музычны зборнік "НезалежныЯ", у які ўвойдуць 15 песень разнастайных стыляў і кірункаў, якія дагэтуль не былі прадстаўленыя ў музычных альбомах ці сінглах. Галоўная мэта праекта - прадэманстраваць ідэйнае адзінства беларускіх выканаўцаў.
Паводле ўкладальніка Адама Птушкі, альбом "Незалежны Я" пазбаўлены палітызаванасці. "Побач з урачыстым патрыятычным хітом ад Піта Паўлава прадстаўлена разняволеная ска-панкавая кампазіцыя гурта “Ска!РБ”, "металічнаму" “Тарпачу” супрацьстаяць папсовыя "Кальмары". Удзельнікаў складанкі яднае імкненне да чалавечай свабоды і дзяржаўнай незалежнасці", - заявіў Адам Птушка.
Плануецца, што ў альбом увойдуць песні гуртоў "NRM", "Pomidoroff", "Garadzkija", "Zet", "IQ-48", "Siver", "Band A", "B:N:", "Сьцяна", "Partyzone" і іншыя. Арганізатары паведамляюць, што спіс не закрыты, і кожны ахвотны гурт мае магчымасць бясплатнага запісу ў прафесійнай студыі. Для гэтага трэба звязацца з арганізатарамі па электроннай пошце 25sakavika@gmail.com.
Арганізатары параўноўваюць свой праект з альбомамі "Песні Свабоды", якія бясплатна распаўсюджваліся падчас палітычных кампаніяў 2006-2007 гг. Каб атрымаць дыск - пішыце на 25sakavika@gmail.com
Графічнае аздабленне праекту - дызайн-група Аdліга.
Запрашаем да супрацы інфармацыйных спонсараў.
Паводле сайта nrsm.org
|