Газета “Свабода” (Літва) распачала апытанне “ Што з’яўляецца нацыянальнай каштоўнасцю беларусаў?”

Калісьці даўно, яшчэ да Лукашэнкі, пытаннем пра нацыянальныя каштоўнасці ў Беларусі задавалася газета “Наша Ніва”. З тых часоў шмат што змянілася. І вось цяпер аналагічнае пытанне паставіла сваім чытачам літоўская газета “Respublika”, а на мінулым тыдні пра вынікі гэтага апытання было аб’яўлена ў Віленскай ратушы. Што ж лічаць сваімі нацыянальнымі каштоўнасцямі нашы суседзі-літоўцы?

На першым месцы і амаль без канкурэнцыі апынуўся баскетбол. У Літве яго яшчэ называюць другой рэлігіяй. Не было асаблівых канкурэнтаў і ў гістарычнай асобы – кампазітара, мастака і паэта Мікалая Канстанціна Чурлёніса. А вось выбраць паміж пасляваеннай рэзістэнцыяй (“ляснымі братамі”) і Саюдзісам у адной групе і паміж дзейным прэзідэнтам Валдасам Адамкусам і спявачкай народных песень Веранікай Павілёнене аказалася не проста. Тым больш, што ў апошняй групе было яшчэ прозвішча супрацоўніка дзяржаўнай бяспекі Вітаўтаса Пацюнаса, які пры загадкавых абставінах загінуў у Беларусі. У гэтых намінацыях урэшце былі выбраныя “лясныя браты” і спявачка. Каментатары заўважаюць, што не было б Літоўскай дзяржавы і перад гэтым не нарадзіўся б Саюдзіс, калі б у гады савецкай акупацыі не было каму падтрымліваць літоўскі нацыянальны дух.

Звяртае на сябе ўвагу тое, што сярод нацыянальных каштоўнасцяў сучаснай Літвы няма нічога, што нагадвала б пра Вялікае Княства Літоўскае – супольную сярэднявечную дзяржаву беларусаў і літоўцаў. Магчыма, такія каштоўнасці апынуліся ў “беларускім спісе”? Цікава, як бы ён выглядаў у сённяшнім часе?

Газета “Свабода” пачынае збіраць меркаванні сваіх чытачоў. Пішыце нам, што вы лічыце галоўнымі беларускімі нацыянальнымі каштоўнасцямі? Наш нумар для смс-паведамленняў: +370 687 42 18.

Паводле газеты “Свабода” (Літва)

‹‹ на галоўную | у архіў