Да 90-годдзя БНР – фільм, дыск, конкурс...
У Менску ў сядзібе партыі БНФ адбылася прэзентацыя дакумэнтальна-мастацкага фільма “Беларускі пасляваенны антысавецкі супраціў 1944—1959 гадоў”. Імпрэза прымеркаваная да 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Юбілею БНР прысвечаная таксама сённяшняя лекцыя Анатоля Грыцкевіча “Беларусь і яе незалежнасць у 1918 годзе”, якая адбылася ў сядзібе Таварыства беларускай мовы.
Фільм зняты паводле кнігі Сяргея Ярша і Сяргея Горбіка “Беларускі супраціў”. Гэта 40 хвілін хронікі і мастацкіх здымкаў, прысвечаных паваенным падзеям на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Сябра культурніцкай камісіі партыі БНФ Франак Вячорка кажа, што фільм падрыхтаваны і зняты студэнтамі-каліноўцамі на Беласточчыне:
“Гэты фільм высокай якасці. Ён заслугоўвае быць падручным матэрыялам для вывучэння гістарычнага перыяду 1944—1959 гадоў, які нам невядомы з прычыны бальшавіцкай цэнзуры”.
Іншыя творчыя імпрэзы ў гонар юбілею БНР таксама разлічаныя найперш на моладзь. Да прыкладу, цяпер складаецца музычны альбом “Незалежны Я”, кажа музычны прадюсар Віталь Супрановіч: “З’явілася такая думка — даць магчымасьць рэалізавацца маладым гуртам. А таму ў аснове гэтага музычнага праекту, які рыхтуецца да 90-годдзя БНР, будзе творчасць маладых”.
Таксама ў гонар юбілею БНФ “Адраджэнне” праводзіць для пачынаючых конкурс паэтычных твораў. Кажа адзін з арганізатараў Сяргей Скіргайла: “Дасылаць пачалі вельмі даўно. Бліжэй да 25-га раздрукуем усё дасланае для сяброў камісіі, якія маюць вызначыць пераможцаў”.
Лекцыя Анатоля Грыцкевіча “Беларусь і яе незалежнасць у 1918 годзе”, якая сёння адбылася ў сядзібе Таварыства беларускай мовы, разлічаная на людзей рознага веку. Гэта ж можна сказаць і пра агульнанацыянальную дыктоўку, для якой аргкамітэт цяпер шукае памяшканні. Юбілею БНР прысвечаны таксама шэраг мастацкіх выставаў, якія праходзяць цяпер і яшчэ будуць адкрывацца. Рыхтуюцца да выдання юбілейныя паштоўкі, кажа сустаршыня Нацыянальнага аргкамітэту святкавання 90-годдзя БНР Аляксей Марачкін: “Сярод гэтых імпрэзаў найважнейшымі будзе форум, прысвечаны 90-годдзю БНР, і мірнае вулічнае шэсце. Усё, што заплянавана, мы спадзяемся правесці. І спадзяемся, што гэтая вясна стане вырашальнай. Бо вызваленыя многія палітычныя вязьні, і мы спадзяемся на вызваленне Аляксандра Казуліна. Мы поўныя аптымізму, бо на 90-годдзі ўсё не канчаецца. Наперадзе 100-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі. І як бы ні хацелі ўладныя структуры, гэтую дату не закрэсліць”.
Паводле “Радыё Свабода”
|