Адыйшла ў лепшы свет Ірына Казуліна
Увечары 23 лютага ў 19.40 па мінскім часе на 49-м годзе адышла ў лепшы свет жонка беларускага палітзняволенага, экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. Ірына Казуліна хварэла на рак. Апошнім часам яна страціла голас - па арганізме пайшлі метастазы. 23 лютага ўвечары ёй стала кепска, да лякарні давесці не паспелі.
Ірына Казуліна нарадзілася 19 кастрычніка 1959 года. Скончыла механічна-матэматычны факультэт БДУ, дзе і пазнаёмілася з сваім будучым мужам Аляксандрам Казуліным. Працавала праграмістам у НПА “Планар”, затым – у Цэнтры праблем чалавека БДУ. Пасля заканчэння Міжнароднай школы бізнесу і мэнэджменту тэхналогій БДУ працавала маркетолагам у тым самым Цэнтры. Актыўна дапамагала хворым на рак малочнай залозы. У 2007 годзе выступіла адным з арганізатараў праведзенай у Мінску міжнароднай канферэнцыі па праблемах падтрымкі жанчын, хворых на рак малочнай залозы. З канца 1990-х гадоў Ірына Казуліна сама хварэла на рак малочнай залозы. Нягледзячы на цяжкую хваробу, Ірына Казуліна да апошніх дзён змагалася за вызваленне свайго мужа і іншых вядомых людзей, зняволеных па палітычных матывах. Апрача мужа Аляксандра, у Ірыны Казулінай засталіся дочкі Вольга і Юлія, а таксама ўнук Улад.
Аляксандру Казуліну адмовіліся паведаміць сумную навіну 23 лютага, спасылаючыся на адбой у калоніі, ён даведаўся пра навіну толькі ў 8 раніцы 24 лютага. На працягу выходных так і не было прынята рашэнне аб прысутнасці Казуліна на пахаванні сваёй жонкі. У сувязі з гэтым, ён заявіў:
“Я абвяшчаю галадоўку. У выпадку, калі на працягу двух дзён мяне не выпусцяць, з 26 лютага я аб’яўляю сухую галадоўку, і тады праз 6-7 дзён нас з жонкай пахаваюць разам. Лукашэнка забіў маю жонку, ён забойца. Смерць маёй жонкі на яго сумленні. Я заяўляю, што пахавання маёй жонкі не будзе да тых часоў, пакуль мяне не выпусцяць.
Я звяртаюся да амбасадараў Еўропы і ЗША з патрабаваннем датэрмінова абвесціць жорсткія санкцыі асабіста супраць Лукашэнка і асноўных прадпрыемстваў Беларусі”.
Аб смерці Ірыны Казулінай на працягу выходных паведамілі ўсе незалежныя беларускія Інтэрнэт-сайты, а таксама расійскія і ўкраінскія СМІ. Нічога не паведамілі толькі афіцыйныя беларускія масмедыя.
25 лютага зранку з’явілася інфармацыя, што начальнік калоніі "Віцьба-3" Віталь Агнісцікаў, дзе знаходзіцца Аляксандр Казулін, рыхтуе адмову на просьбу Казуліна пра паездку на пахаванне жонкі. Прычынамі начальнік назваў чатыры спагнанні , вынесеныя Казуліну за парушэнні дысцыпліны. Рашэнне на паездку ў Мінск таксама прымаецца ім з улікам асобы зняволенага. На пытанне правабаронцы БХК Паўла Левінава, ці можа рашэнне змяніцца на працягу дня, начальнік калоніі адказаў, што яго рашэнне канчатковае, яно можа быць адмененае толькі вышэйшымі інстанцыямі.
Развітанне з Ірынай Казулінай адбудзецца ў Чырвоным касцёле ў Мінску. На жаль, дзень, калі адбудзецца пахаванне, не вядомы, бо ўлады не адпускаюць Аляксандра Казуліна на развітанне з жонкай.
|