За танныя візы для беларусаў падпісаліся 50 эўрадэпутатаў
Для таго, каб пісьмовая заява сталася пачаткам дыскусіі ў Еўрапарламенце, неабходна сабраць ня меней за 393 подпісы дэпутатаў Еўрапарламенту.
Сябры сацыял-дэмакратычнай фракцыі Еўрапарляменту Юстас Палецкіс з Літвы, Генавэфа Грабоўска з Польшчы і Ханэс Свобада з Аўстрыі збіраюць подпісы за тое, каб паменшыць кошт візаў для беларусаў. Цягам двух пасяджэнняў адмысловую дэкларацыю падпісалі каля 50 парляментароў. Калі свае подпісы паставяць больш паловы сяброў Еўрапарляменту, яе накіруюць у Раду Эўропы. Потым гэтае пытанне мусяць абмеркаваць на ўрадавым узроўні.
“Гэта нядрэнны пачатак, ёсць яшчэ час да траўня. І мы пастараемся, каб падпісалася як мага больш. З другога боку, канечне, нам вельмі патрэбная дапамога беларускіх няўрадавых арганізацый, калі б нехта арганізаваў, як гэта прынята ў Еўрапарляменце, падтрымку гэтай прапановы”, – кажа Юстас Палецкіс.
Ініцыятары кампаніі намагаюцца, каб Еўракамісія пачала перамовы з беларускім урадам аб зніжэнні коштаў. Хаця б да 35-ці эўра, як гэта ёсць для грамадзянаў Расеі, Украіны і Малдовы. Аднак, калі подпісы будуць сабраныя, рашэнне мусяць ухваліць усе, без выключэння, краіны-сябры Еўрасаюзу.
“Супраць выступаюць тыя краіны, якія лічаць, што патрэбныя крокі насустрач з боку афіцыйнага Мінску, – расказвае Юстас Палецкіс. – Як вядома, Еўрасаюз вылучыў цэлы шэраг патрабаванняў па забеспячэнні большай дэмакратыі, свабоды слова ў Беларусі, найперш вызваленне палітычных зняволеных. І, канечне, краіны, якія далей ад Беларусі, лічаць, што трэба чакаць крокаў ад афіцыйнага Мінску і тады рабіць нейкія паслабленні. Так што гэта вялікая праблема. І ў вялікай ступені гэта залежыць ад паводзінаў беларускіх афіцыйных уладаў”.
Паводле спадара Палецкіса, высокімі коштамі візаў Еўрасаюз аддзяляецца не ад афіцыйнага Мінску, не ад людзей, якія жывуць прыпяваючы, а ад простых беларускіх грамадзянаў.
Доктар з Магілёву Васіль Аўраменка, які на гэтым тыдні быў грамадскім рэдактарам “Свабоды”, на сабе асабіста праблему высокіх візавых коштаў не адчувае:
“Для мяне гэта ня вельмі актуальная праблема, бо, можа, раз у пяць гадоў там бываю. То з такой нагоды можна і сабраць гэтыя грошы. Але, я лічу, што кошты трэба зніжаць”.
Актывіст Партыі БНФ Аляксей Янукевіч падтрымлівае ініцыятыву еўрапейскіх парламентароў: “Гэта вельмі добрая ініцыятыва. Такія ініцыятывы ствараюць крытычную масу, якая рана ці позна выльецца ў пэўныя рашэнні. У любым выпадку яны будуць спрашчаць выезд беларусам у краіны Еўрасаюзу. Калі гэта проста паніжэнне коштаў на візы для ўсіх грамадзянаў Беларусі, яно можа быць увязанае і працэдурна з выкананнем урадам пэўных умоваў. Але калі вядзецца размова пра пэўныя катэгорыі грамадзянаў, такіх, напрыклад, як студэнты, то тут няма ніякай увязкі, няма супярэчнасцяў”.
Паводле інфармацыі “Радыё Свабода”
|