Канцэрт “Старога Ольсы” ў Празе
16 лютага ў Празе ў клубе “Vagon” адбыўся сольны канцэрт гурту “Стары Ольса”. Арганізатарамі канцэрту выступілі беларуская суполка ў Празе “Пагоня” і чэшскае грамадскае аб’яднанне “Свабоду Беларусі”, ініцыятарамі і каардынатарамі візіту ў чэшскай сталіцы былі Віталь Цімошчанка і Алесь Сідлянкоў.
На канцэрт прыйшло вельмі шмат прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Чэхіі, беларускія студэнты, якія навучаюцца ў сталіцы, а таксама сябры 12-ці рыцарскіх чэшскіх клубаў. Музыкі выканалі творы са сваёй новай праграмы “Полацкі сшытак”, а таксама старыя творы з альбому “Песні гераічнага эпасу”.
“Асаблівасцю для мяне гэтага выступу было тое, што амаль усе прадстаўнікі рыцарскіх клубаў прыйшлі на канцэрт у сярэднявечнай вопратцы. Ну, і вядома ўразіла гасціннасць сустракаючага боку. А гэта заўсёды прыемна на гастролях, – распавядае кіраўнік гурту Зміцер Сасноўскі. – Наш візіт працягваўся 3 дні, за гэты час мы пазнаёміліся з адметнымі мясцінамі горада, наведалі Музей старажытных інструментаў.”
Для “Старога Ольсы” гэта ўжо другі выступ у Празе. Першы адбыўся ў 2002 годзе дзякуючы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, якая арганізавала канцэрт музыкаў на З’ездзе беларусаў Еўропы.


”Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|