Культурніцкая дзейнасць апазіцыі
АГП ладзіць паказы “Плошчы”, камуністы-“калякінцы” спрыяюць Нілу Гілевічу, Мілінкевіч хоча падтрымаць культурных нонканфармістаў, а Партыя БНФ выдае пераклады казак Карнея Чукоўскага. Радыё Рацыя пацікавіліся ў палітыкаў і партыйных лідэраў, які ўнёсак робяць у беларускую культуры іхнія структуры.
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя колісь мела вялікі культурны патэнцыял. У яе шэрагах былі такія асобы, як Уладзімір Басалыга, Алесь Шатэрнік, Анатоль Вярцінскі. Намеснік старшыні сённяшняй Беларускай сацыял-дэмакратычная партыі (Грамада) Анатоль Сідарэвіч колісь курыраваў пытанні культуры ў партыі. Цяпер ён канстатуе са скрухаю: дзеячоў культуры ў БСДП(Г) практычна няма і ў гэтым кірунку анічога не робіцца. Нават да ўшанавання памяці славутых сацыял-дэмакратаў – стаўленне абыякавае: “Летась было 90 год са дня смерці сябра партыі Максіма Багдановіча і 125 год з дня нараджэння сябра партыі Якуба Коласа. На ўшанаванне іх памяці да помнікаў прыйшлі адзінкі з сябраў БСДП”.
Лідэр Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Анатоль Лебедзька разглядае пытанне падтрымкі беларускай культуры, як адно з самых важных. Цікава, што сярод сябраў партыі такія асобы, як Зінаіда Бандарэнка, Зміцер Бартосік і нават Аляксей Дудараў. Але што да канкрэтных ініцыятыў, то тут адзначылася толькі гродзенская філія партыі, якая пастаянна ладзіць у сваім рэгіёне імпрэзы з удзелам знаных літаратараў і музыкаў. З апошніх культурніцкіх ініцыятыў партыі – дэманстрацыя фільма “Плошча” у Гродне і Магілёве, арганізацыя сустрэч з чытачамі паэтаў Генадзя Бураўкіна і Уладзіміра Някляева. Анатоль Лебедзька кажа, што за культурніцкае пытанне плануецца ўзяцца яшчэ болей сур’ёзна: “Значная частка такіх ініцыятыў у нас ажыццяўляецца праз Зінаіду Бандарэнку. Мы разумеем актуальнасць праблемы, таму інстытуцыянальна ўмацоўваем гэты кірунак. Спадзяюся, што пасля красавіцкага з’езда партыі будзе прынята рашэнне аб стварэнні спецыяльнай культурніцкай камісіі АГП, каб прыцягнуць да гэтай працы большую колькасць людзей і зрабіць яе сістэмную. Будзем прапаноўваць спадарыні Бандарэнкі ўзначаліць гэтую камісію”.
У шэрагах апазіцыйных камуністаў вядомых творчых персонаў няма, але зусім нядаўна ПКБ паспрыяла выданню апошняй кнігі Ніла Гілевіча “Бунт непрыкаяннай музы”. Праўда што, кіраўнік партыі Сяргей Калякін прызнаецца, што яны зусім не актыўныя ў гэтым кірунку: “Не магу згадаць, якія культурніцкія мерапрыемствы ладзіла наша партыя, бо для гэтага няма магчымасцяў ды ўмоваў. Мы існуем па-за межамі афіцыйнага поля, адзінкі нашых прадстаўнікоў на нізавым узроўні не могуць праводзіць нашы рашэнні. Але ж ёсць магчымасці, якія мы магчыма не выкарыстоўваем і якія маглі бы скарыстаць”.
Створаная Аляксандрам Мілінкевічам Рада еўрапейскай інтэграцыі адным з чатырох галоўных кірункаў дзейнасці называе культурніцкі. У лістападзе на адным з паседжанні Рады было заяўлена пра намер стварыць фонд падтрымкі нонканфармісцкай культуры. Сябры Рады мяркуюць, што падтрымліваць культурны прадукт трэба не толькі на ўзроўні вырабу, але і ў плане рэкламы і раскруткі. Дарадца Мілінкевіча Алесь Лагвінец кажа, што якраз цяпер вядзецца праца па стварэнні такога фонду: “Гэтае пытанне ўжо на стадыі абмеркавання. Ужо ёсць дамоўленасць з чэшскімі партнёрамі. А на наступным тыдні Аляксандр Мілінкевіч мае сустрэцца з той асобай, якой ён прапануе кіраваць фондам з беларускага боку. Прозвішча пакуль назваць не магу”.
У Партыі БНФ актыўна дзейнічае асобная культурніцкая камісія, якую ўзначальвае 19-гадовы Франак Вячорка. Кіраўнікі партыі лічаць, што без культурнага базісу немагчыма дамагчыся лепшага жыцця, таму з імпэтам падтрымліваюць усе ініцыятывы ў гэтым кірунку. Зараз партыя рыхтуе музычны сборнік “Незалежныя” да 90-годдзя БНР, мультымедыйную энцыклапедыю пра БНР, ужо гатовы да выдання пераклад казкі Карнея Чукоўскага “Мушка-Цакатушка”. “За апошнія два гады працы нашай культурніцкай камісіяй мы зрэалізавалі парадку 110 разнастайных мерапрыемстваў. Мяркую, калі нехта пытаецца пра беларускую культуру і беларускае Адраджэнне, то першай асацыяцыяй усплывае менавіта Беларускі Народны Фронт”, – кажа Франак Вячорка.
Шэф-рэдактар газеты “Наша Ніва” Андрэй Дынько лічыць, што палітыкі не мусяць займацца пытаннямі культуры: “Патрабаванні да нашых палітыкаў, каб яны апекаваліся нашымі творцамі і займаліся пытаннямі культуры, узыходзяць часткова да часоў СССР. Частка нашых творцаў хоча, каб вярнуліся тыя часы, калі шчодрая апека выдавалася ўзамен на шчодрае абслугоўванне. На маю думку, гэты механізм гнілы і толку з яго вельмі мала”.
Андрэй Дынько кажа, што творцаў паралізуе перадусім адсутнасць свабоды. На меркаванне нашага эксперта найлепшае, што могуць зрабіць палітыкі для музыкаў, пісьменнікаў альбо філосафаў, – гэта не зладзіць канцэрт ды праспансаваць выхад кнігі, а змяніць сітуацыю ў краіне і дамагчыся зменаў.
Сяргей БУДКІН
Інфармацыя паводле “Радыё Рацыя” (http://www.racyja.com/)
|