Выстава Алеся Цыркунова да 90-годдзя БНР
20 лютага ў Палацы мастацтваў у Мінску адбудзецца адкрыццё выставы Алеся Цыркунова “Край абуджаны Гейналам”, якая прысвечана 170-й гадавіне Кастуся Каліноўскага і 90-годдзю БНР. Арганізатарамі выставы з’яўляюцца Беларускі саюз мастакоў і Творчая суполка “Пагоня”.
Адрас: Палац мастацтва, вул. Казлова, 3. Адкрыццё выставы 20 лютага 2008 года а 18 гадзіне. Азнаёміцца з выставай можна да 29 лютага.
ДАВЕДКА. Алесь Цыркуноў, мастак-жывапісец, педагог, сябра Саюза мастакоў Беларусі (суполка “Пагоня”), намеснік старшыні клуба “Спадчына”. Яго выставачная дзейнасць распачалася з 1976 года выстаўкамі рэспубліканскага і саюзнага значэння. Пасля Чарнобыльскай аварыі рашуча змяніў свае погляды на месца мастака і мастацтва ў жыцці народа: сюжэты яго твораў набылі нацыянальную тэматыку, паступова ператвараючыся ў супраціў камуна-бальшавізму. З 2000 года акрамя жывапісных твораў стаў вырабляць і архітэктурна-мемарыяльныя знакі, помнікі. Усе яны былі прысвечаны падзеям ці асобам, якія маюць грамадскую і гістарычную значнасць, і былі ўстаноўлены і асвечаны ў знамянальныя дні: “Крыж усім святым Беларусі. Да 2000-годдзя нараджэння Хрыстова” (в. Чэхі, Мядзельскі р-н); “Помнік пані Вандзе Ромер” мясцовай асветніцы (в. Каралінава, Пастаўскага р-н); “Мемарыяльны знак Фларыяну Даноўскаму” ўдзельніку паўстання Каліноўскага ў 1863 годзе (в.Канябічы, Пастаўскі р-н); “Капліца Памяці” прысвечаная памяці абаронцаў Айчыны, якія палеглі ў змаганні супраць расійскага гвалту ў ХІХ ст. ад часоў Тадэвуша Касцюшкі (в. Страча, Астравецкі р-н) і іншыя.
|