А.Клімаў: “Я ніколі не прасіў і не папрашу аб памілаванні”
16 лютага а 6-й раніцы цягніком Калінкавічы-Менск дахаты ў Менск прыехаў былы палітвязень Андрэй Клімаў. На вакзале яго сустракалі маці, жонка, актывісты апазыцыі, сябры і журналісты. Першае інтэрвію ён даў Радыё Свабода.
1 жніўня мінулага году спадар Клімаў быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Менску. Яго пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі за артыкул ў інтэрнэце і трымалі ў Мазырскай калоніі строгага рэжыму.
Андрэй Клімаў вызвалены 15 лютага адпаведна з прэзыдэнцкім указам аб памілаванні ад 11 лютага. Былы палітвязень вызвалены ад далейшага адбыцьця пакарання. Спадар Клімаў сказаў, што для яго гэта застаецца загадкай. Магчыма, тут “нейкі працэс перамоваў з Захадам”:
“Асабіста мяне з указам не азнаёмілі. Я, натуральна, ніколі не прасіў і не папрашу аб памілаванні, паколькі не адчуваю сябе вінаватым і не прызнаю сваю віну. Тым болей такіх метадаў барацьбы з палітычнымі апанентамі”.
Спадар Клімаў выказаў надзею, што працэс вызвалення палітвязняў працягнецца і хутка на волі будуць Аляксандар Казулін і Аляксандар Здзвіжкоў.
“Наступным крокам пасля вызвалення палітзьняволеных павінна быць ня проста выкананне ўмоваў Еўрасаюзу, якія б дазволілі і далей існаваць цяперашняму рэжыму. Наступным крокам павінна быць выкананьне тых умоваў ЭЗ, якія б нам дазволілі ўступіць у Еўрасаюз”.
Як сябе адчувае Андрэй Клімаў, як ягонае здароўе?
“Цяпер гэта адна з задачаў. І сэрца хварэе, і нешта доўга прастуда не праходзіць, ангіны замучылі. Таму адна з першых задач – аднаўленне здароўя. Я думаю, што найперш харчаванне, спакой, Адна з першых задач – аднаўленне здароўя.
Згадваючы зону, Андрэй Клімаў кажа, што яна вельмі цяжкая ў маральным пляне. Бо ў Мазырскай калоніі сядзяць у асноўным за забойствы, за асабліва цяжкія злачынствы, прычым неаднаразова судзімыя.
“Людзі дэградаваныя, абмежаваныя, спітыя. Адпаведна і стаўленне адміністрацыі: у вялікім нервовым стрэсе пастаянна знаходзіцца, і я апынуўся, нібыта, на вайне. Мне спачатку цяжка было зразумець, дзе я? І далучыцца ні да аднаго, ні да другога лагеру мне нельга, бо я ня той, і тым больш я не з адміністрацыі. Я – палітычны”.
Паводле спадара Клімава, у атрадзе было 200 чалавек.
“Ёсць агульная тэндэнцыя, што турмы і зоны перапоўненыя. Звыш усялякай нормы. І садзяць без разбору. Людзі заяжджалі абсалютна няясна за што. Ну, я стараўся падтрымліваць фізычную форму, бо калі яшчэ не рабіць зарадку, не займацца фізкультурай, то можна наагул загнуцца”.
Якім быў самы цяжкі дзень, перажыты за час зняволення?
“Гэта дзень калі мяне этапавалі з гомельскай турмы на Мазыр. Калі я прыехаў, і нас адразу змясцілі ў крыты карантын. Гэта быў самы цяжкі дзень і страшны. Я патрапіў у такія жорсткія ўмовы, адразу прыгадаліся фільмы пра вайну. І зачынены карантын, усе паляць, паветра не хапае. Я думаў, што я памру. Але нічога, выжыў”.
“Вінаваціць мяне ў тым, што я заклікаю канстытуцыйным шляхам памяняць уладу ў краіне. І прад’яўляць мне вінавачанні ў закліках да гвалтоўнага шляху, пасля таго як я пачынаючы з 1996 году паклаў амаль усё свае жыццё, каб у краіне захоўвалася канстытуцыя – гэта проста перавярнуць усё з ног на галаву. Выкарыстоўваюць любыя метады, каб заткнуць рот палітычным апанентам”.
Пра свае планы Андрэй Клімаў сказаў: “Я яшчэ не адчуваю сябе свабодным чалавекам. Першае, мне трэба адчуць сябе свабодным. Потым, мне трэба па нармальнаму абняць сваю жонку, дзяцей. Пагутарыць з мамай, сустрэцца з сябрамі, прайсці па родным горадзе. Перадаць прывітанне ўсім, каго ведаю. І калі я адчую сябе свабодным, можна казаць пра планы на будучыню”.
Андрэй Клімаў кажа, што ў зняволенні меў магчымасьць пісаць свае кнігі – мастацкі раман, а таксама кнігу пра тое, куды ідзе краіна пасля разгону Вярхоўнага савету і пра месца Беларусі ў Еўропе. З зоны забраў з сабой шахматы.
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода
|