Цярплівасьць пратэстантаў заканчваецца
Вернікі Аб’яднання абшчынаў хрысціянскіх поўнага Евангелля могуць выйсці на вуліцы беларускіх гарадоў у акцыях грамадзянскага непадпарадкавання, каб заявіць пра парушэнні сваіх правоў.
Пра тое, што цярплівасць пратэстантаў заканчваецца, і што яны не будуць болей спакойна глядзець на парушэнне правоў вернікаў, напісалі ў лісце пастыры цэркваў поўнага Евангелля. Пад лістом, накіраваным кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку, падпісаўся 41 пастыр. Нагодаю зварота да прэзыдэнта стаў узмоцнены ціск на менскую царкву “Новае жыццё”, у прыватнасці на яе пастыра Вячаслава Ганчарэнку.
За апошнія два тыдні мінская пракуратура вынесла яму два папярэджанні і абавязала ўпусціць у будынак царквы прадстаўнікоў мясцовай улады. Пастыр адмовіўся выканаць загад.
“Мы не будзем стаяць у баку, калі нашых братоў беспрычынна пераследуюць. Мы намераныя надалей маліцца за справядлівае вырашэнне справы царквы “Новае жыццё” і іншых цэркваў. Дзеяннямі ўлады цягам апошніх гадоў вернікі даведзеныя да апошняй кропкі цярплівасці. У выніку ўзмацнення ціску на царкву “Новае жыццё” і пастыра Ганчарэнку, мы гатовыя выйсці з акцыямі грамадзянскага пратэсту ва ўсёй Беларусі й па-за яе межамі,” – чытаем у лісце.
Пад гэтымі словамі падпісаўся, між іншым, пастыр баранавіцкай царквы “Новае пакаленне” Леанід Вараненка.
Л. Вараненка: У лісце мы выказалі ўсе свае прэтэнзіі і патрабаванні. Мы патрабуем спыніць ціск на пратэстанцкія цэрквы і ў прыватнасці на пастыра царквы “Новае жыццё” Вячаслава Ганчарэнку. Мы патрабуем спыніць ціск і выканаць тыя ўмовы, на якія мы маем права згодна з нашай Канстытуцыяй. У Беларусі парушаюцца нашыя правы на свабоду слова і веравызнанне.
У нашым лісце мы напісалі, што пакідаем за сабою права, якое, дарэчы, нам гарантавана зноў жа Канстытуцыяй, арганізоўваць акцыі пратэсту. Мы будзем выходзіць на вуліцы, ладзіць пікеты, так як рабілі падчас акцыі-галадоўкі. Мы будзем выкарыстоўваць такія крокі, паколькі ня можам выкарыстаць іншыя рэчы. Мы павінны звяртаць увагу на сябе, на нашыя правы, мы будзем выходзіць і заяўляць пра гэта. Важна, каб гэта бачылі звычайныя людзі, бо ў Беларусі толькі дзве галоўныя крыніцы інфармацыі - інтэрнэт ці асабісты досвед. Акцыі пратэсту маюць на мэце звярнуць увагу грамадзянаў на ўнутраную сітуацыю ў краіне.
Пастыр Леанід Вараненка падкрэслівае, што пратэстанты - гэта ня толькі вернікі, гэта грамадзяне Беларусі, якія маюць свае гарантаваныя Канстытуцыяй правы.
Улада выкарыстоўвае ўсе магчымыя спосабы, каб зачыніць будынак царквы “Новае жыццё”. У выніку вернікі прынялі рашэнне не ўпускаць у будынак ніякіх прадстаўнікоў улады, якія маглі б аштрафаваць царкву.
Адміністратар царквы “Новае жыццё” Васіль Юрэвіч кажа, што прынцыповая пазіцыя вернікаў не змянілася і не зменіцца, пакуль ўсе спрэчкі з Мінгарвыканкамам не завершацца на карысць царквы.
В. Юрэвіч: Мы надалей застаемся вернымі сваім патрабаванням. Аднак на нашага пастыра цягам апошніх дзён зноў пачаўся ціск. Цяпер да яго ўжо патэлефанавалі з падатковай інспекцыі і папрасілі запэўніць падаткавую дэкларацыю.
Мы, вернікі, аднак заяўляем з поўнаю ўпэўненасцю, што будзе змагацца за свае правы да канца, пакуль не будуць вырашаныя нашыя справы.
Акрамя ліста пастыраў да прэзыдэнта краіны, самі вернікі царквы звярнуліся да грамадскасці Беларусі з просбаю падтрымаць пратэстанцкіх вернікаў.
В. Юрэвіч: Гэта зварот да ўсіх сумленных людзей, якія яшчэ вераць у праўду і справядлівасьць. Мы звяртаемся да ўсіх, каму не абыякавы наш лёс. А такіх людзей шмат. Калі мы абвесцілі пост-галадоўку, то мы атрымоўвалі вялікую колькасць лістоў са словамі падтрымкі. Нам дзякавалі за нашую адвагу, казалі, што мы даем надзею. Менавіта таму ўсе нашыя справы мы робім адкрыта. Мы звяртаемся да беларусаў, каб яны ведалі пра нашую праблему. Мы робім ня так, як улады – ціха, каб ніхто нічога ня ведаў.
Нагадаем, справа царквы “Новае жыццё” цягнецца з восені 2006 года, калі ў абарону сваіх правоў вернікі абвесцілі пост-галадоўку. У той час пачаўся суд з Мінгарвыканкамам, які хацеў забраць царкоўны будынак. Справа трапіла ў Вышэйшы гаспадарчы суд, аднак за два гады не зроблена ні кроку наперад. Апошнім часам улады ўсімі магчымымі спосабамі спрабуюць аштрафаваць ці зачыніць царкву.
У сваю чаргу пратэстанты ўжо не ўпершыню паказалі, што яны гатовыя да канца біцца за свае правы, а калі трэба будзе, то і выйдуць на вуліцы ў акцыях грамадскага непадпарадкавання.
Галоўную прычыну пераследу пратэстанцкія абшчыны бачаць у дзяржаўнай палітыцы, якая робіць прыярытэтнаю праваслаўную царкву. Згодна з дзяржаўнай ідэалогіяй, пратэстанцкія супольнасці маюць дэструктыўныя рысы і з’яўляюцца сектамі.
Алена Пытэль
Паводле Польскага радыё для замежжа (www.polskieradio.pl/zagranica)
|