Конкурс на найлепшы паэтычны твор, прысвечаны 90-годдзю БНР
Грамадскае аб’яднанне “БНФ “Адраджэнне” абвяшчае конкурс на найлепшы паэтычны твор, прысвечаны 90-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі. Да ўдзелу запрашаюцца паэты-пачаткоўцы.
Журы паэтычнага конкурсу “Заклін на Волю”, куды ўвайшлі паэты і пісменьнікі Ніл Гілевіч, Уладзімер Арлоў, Андрэй Хадановіч, Джэці, Зэльвея Кулеш, Юлія Шастак і батлеер Скіргайла Паланэцкі, прымае да разгляду вершы на тэму свабоды і незалежнасці. Магчымыя тэмы твораў: свабода і яе сымбалі, шляхі здабыцця, незалежнасць Беларусі, барацьба за незалежнасць у мінулым стагоддзі і цяпер, Беларуская Народная Рэспубліка і яе вядомыя грамадзяне, ідэі БНР.
“Моладзь, якая любіць Беларусь, умее выяўляць сваю любоў у вершах, мае нагоду выказацца. Гэты конкурс – частка агульнанацыянальнай кампаніі па адзначэнні нашага народнага свята, абвяшчэння незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі”, - кажа адзін з арганізатараў конкурсу, старшыня культурніцкай камісіі Партыі БНФ Франак Вячорка.
Ад кожнага ўдзельніка прымаецца ня больш за 5 вершаў, якія раней не друкаваліся і не агучваліся ў мэдыя. Тры пераможцы конкурса атрымаюць каштоўныя прызы. Арганізатары паспрыяюць размяшчэнню вершаў на сайце ды ў СМІ. Творы прымаюцца да пачатку сакавіка на электронную адрэсу bnr90viersy@gmail.com.
Дадатковыя звесткі можна атрымаць у спадарыні Святланы тэл.маб.(029)666 88 09 і спадара Скіргайлы тэл. (017) 247 13 40
Паводле інфармацыі БНФ (www.pbnf.org)
|