А.Макоўская: “Беларусы ў працы з дыяспарай адстаюць”
Рэагуючы на прыняты ў Польшчы закон аб Карце паляка, Міністэрства замежных справаў Беларусі заявіла, што ажыццяўленне гэтага праекту можа “сур’ёзна дэстабілізаваць міжнацыянальныя адносіны, выклікаць напружанасьць у беларускім грамадстве, парушыць яго стабільнасць і спарадзіць недавер паміж беларускімі грамадзянамі розных нацыянальнасцяў”.
На пытаньне, чым выклікана такая занепакоенасць беларускіх уладаў, прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў сказаў: “Вы ведаеце, тое, што мы заявілі на мінулым тыдні, гэта вычарпальна на дадзены момант. Больш нічога я дадаць не магу. Вось гэта афіцыйная пазыцыя беларускага боку, якая была выказана. Яна вычарпальная і відавочная для нас”.
Cтаршыня рады міжнароднага грамадскага аб’яднання “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская сказала, што яшчэ ў 2002 годзе абмяркоўвалася магчымасць прыняцця закону аб суайчынніках, якія жывуць за мяжой. “Бацькаўшчына” накіравала свае прапановы ва ўрад Беларусі: “У нашых прапановах мы такую тэрміналогію, як картка ці пасведчанне беларуса, уводзілі. Ці будзе гэта прынята ў тым праэкце закону, які сёлета збіраецца абмяркоўваць Палата прадстаўнікоў, на гэты момант сказаць вельмі цяжка.
На сённяшні дзень няма ніякага грунту, на які б абапіралася праца беларускай дзяржавы з беларускай дыяспарай, беларускімі нацыянальнымі мяншасцямі. Фактычна такая сыстэмная праца адсутнічае. І перш за ўсё гэта і пытанне візаў, пытанне іх знаходжання тут, пытанне рэгістрацыі. Вельмі шмат тых пытанняў, з якімі ў кожным разе сутыкаюцца нашы беларусы, калі прыяжджаюць у Беларусь.
Асабліва актуальна гэта для тых беларусаў, якія жывуць побач – у Польшчы, у Літве. Гэта пытанне прыезду ў Беларусь, гэта кошт візаў, кошт рэгістрацыі, гэта той час, якія губляецца на рэгістрацыю, калі яны наведваюць сваіх сваякоў, страхоўкі на транспартныя сродкі. Вельмі шмат пытанняў. Таму Польшча пайшла далей у гэтым пытаньні. Яна дае шэраг прапаноў і льготаў для сваёй дыяспары, для польскага замежжа. Беларусы, вядома, у гэтым пляне моцна адстаюць”.
Алесь Дашчынскі
Паводле інфармацыі Радыё Свабода
|