У Мінску адкрылася выстава “Жодзінцы”
6 лютага ў Палацы мастацтва ў Мінску адкрылася выстава “Жодзінцы”. На выставе прадстаўлены больш за 80 твораў 20-ці мастакоў і пісьменнікаў, сярод якіх Аляксей Марачкін, Уладзімір Сіўчыкаў, Рыгор Сітніца, Алесь Аркуш, Сяргей Цімохаў, Аляксандар Ксяндзоў, Валеры Славук, Мікола Андруковіч, Уладзімір Гладкевіч, Віктар Зайцаў, Мікола Крайко, Аляксандар Фралянкоў, Мікола Шышлоў і іншыя. Выстава разбурае стэрэатып пра Жодзіна як радзіму беларускіх аўтагігантаў і замацоўвае за горадам статус аднаго з культурніцкіх цэнтраў краіны.
Распавядае старшыня суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў, старшыня МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Аляксей Марачкін: “Гэты праект ўнікальны тым, што дае магчымасць невялікім рэгіёнам яднацца. Хто ведае, можа і іншыя рэгіёны – случчане, пінчукі, выйдуць з такімі выставамі. У першай выставе, якая была адчынена ў жодзінскай бібліятэцы ў кастрычніку 2007 года, было прадстаўлена значна меней твораў, але мэр горада паабяцаў, што павосені, калі горад будзе святкаваць сваё 360-годдзе, яны адчыняць сваю карцінную галерэю”.
Каштоўным для мінскай выставы з’яўляецца тое, што ўпершыню ў сталіцы прайшла прэзентацыя партрэта самага знакамітага ў Еўропе Радзівіла – князя Багуслава, заснавальніка горада Жодзіна, выбітнага ваеннага і дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства аўтарства Аляксея Марачкіна. Таксама да гэтай выставы высілкамі суполкі “Пагоня” быў выдадзены каталог з працамі, якія прадстаўлены на выставе, а таксама расповедамі пра раскопкі, якія ладзіў у пачатку 1990-х славуты дзеяч і гісторык Міхась Ткачоў.
Выставу можна паглядзець з 6 да 17 лютага з 10.00 да 19.00 у сталічным Палацы мастацтва (вул. Казлова, 3). Уваход 2500-4000 руб. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэл.: 288-15-49, 290-60-10.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
|