У Беларусі баяцца прадаваць кнігі Васіля Быкава
Прэзентацыя збору твораў Васіля Быкава на рускай і беларускай мовах стане цэнтральнай падзеяй першага дня працы расійскай экспазіцыі на Мінскім міжнародным кніжным кірмашы.
Выпуск збору твораў В. Быкава на рускай і беларускай мовах – сумесны праект Саюза беларускіх пісьменнікаў і расійскага выдавецтва “Время”. На сёння выйшлі шэсць тамоў 14-томнага беларускамоўнага выдання. Рускамоўны васьмітомнік яшчэ рыхтуецца да друку.
Збор твораў на беларускай мове выдаецца тыражом усяго 3 тысячы асобнікаў.
Палова беларускамоўнага тыражу ўжо была перададзеная Саюзу беларускіх пісьменнікаў, які дорыць кнігі В. Быкава школам і бібліятэкам. Выдавецтву “Время” ўдалося рэалізаваць толькі невялікую частку тыражу.
“Гэта звязанае з тым, што беларускія аптовыя прадаўцы не занадта ахвотна бяруць на рэалізацыю творы В. Быкава. Яны нібыта адчуваюць нейкую ўтоеную пагрозу ў распаўсюджванні яго кніг, хоць ніякіх афіцыйных забароны не існуе”, – зазначыў генеральны дырэктар расійскага выдавецтва “Время” Барыс Пастарнак.
Нягледзячы на невялікія продажы, выдавецтва “Время” лічыць праект удалым. “Тым даражэйшымі і тым больш запатрабаванымі апынуцца гэтыя кнігі праз некалькі гадоў, калі яны стануць рарытэтнымі”, – упэўнены Пастарнак.
“Гэтыя зборы твораў робяцца ў адпаведнасці з пажаданнямі самога Васіля Уладзіміравіча. Ён пакінуў кароткія накіды, у якіх размеркаваў свае творы па тамах”, – распавёў Б. Пастарнак.
Абодва выдання пабудаваныя не па храналагічным прынцыпе, як гэта робіцца звычайна, а ў зваротнай паслядоўнасці. “Васіль Быкаў уключыў у першы том творы апошніх гадоў, якія лічыў найбольш важнымі для сябе”, – растлумачыў Барыс Пастарнак.
У першыя сем тамоў як рускамоўнага, так і беларускамоўнага збору твораў уваходзяць празаічныя творы Быкава. Восьмы том рускамоўнага выдання змяшчае публіцыстыку і інтэрв’ю пісьменніка. У беларускамоўны збор твораў уключаныя больш публіцыстычных твораў, а таксама перапіска і дзённікі, якія ў агульнай складанасці складаюць сем тамоў.
Прэзентацыя збору твораў Васіля Быкава адбудзецца 6 лютага а 14 гадзіне. У ёй возьмуць удзел удава пісьменніка Ірына Міхайлаўна, а таксама літаратары Уладзімір Някляеў, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Сяргей Законнікаў, Алесь Пашкевіч і Міхась Тычына.
Паводле “Хартыі’97” (www.charter97.org)
|