Чыноўнік адмовіўся прыняць подпісы грамадзян супраць АЭС
Старшыня Горацкага райвыканкаму Міхаіл Анікееў адмовіўся прыняць у актывістаў антыядзернай групы подпісы пяцісот жыхароў раёну супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
Паводле актывіста антыядзернай групы Андрэя Юркова, сваю пазіцыю сп. Анікееў аргументаваў тым, што пастанова пра месца будаўніцтва АЭС яшчэ не прынятая.
“Сабраныя подпісы мы дашлем у “палату прадстаўнікоў”, урад Беларусі ды адміністрацыю прэзідэнта. І збор подпісаў працягнем”, — паведаміў А. Юркоў.
Адна з меркаваных пляцовак для будаўніцтва АЭС знаходзіцца ў Горацкім раёне паблізу вёскі Кукшынава, за 15 км ад Горак, за 50 — ад Магілёва і за 30 км ад беларуска-расійскай мяжы.
Паводле афіцыйных паведамленняў, распачаць будоўлю АЭС збіраюцца ўжо сёлета.
Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)
|