Беларускія візы патаннелі

Беларусь у аднабаковым парадку знізіла кошт віз для грамадзян Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы. Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Папоў.

Кошт аднаразовай уязной візы ў Беларусь для грамадзян згаданых дзяржаў складзе 25 еўра, аднаразовай транзітнай — 10 еўра, шматаразовай гадавой — 150 еўра. За дадатковую аплату ў памеры 25 еўра візы будуць афармляцца ў тэрміновым парадку.

Беларусь захоўвае спрошчаны парадак афармлення віз для грамадзян усёй Шэнгенскай зоны. Як і раней, дзелавыя і гасцявыя візы тэрмінам дзеяння да 30 дзён будуць выдавацца без запрашэння, а тэрмін разгляду запытаў не павінен перавышаць 5 дзён.

Паводле А. Папова, Беларусь яшчэ раз пацвярджае падрыхтаванасць весці дыялог з Еўрапейскім Звязам у пытаннях спрашчэння візавых працэдураў.

“Мы заклікаем нашых еўрапейскіх партнёраў адмовіцца ад выкарыстання віз у якасці абмежавання ўзаемных кантактаў грамадзян і прыняць неабходныя крокі для забеспячэння права грамадзян на свабоднае перамяшчэнне”, – зазначыў прэс-сакратар МЗС Беларусі.

Паводле “Польскага радыё для замежжа” (www.polskieradio.pl/zagranica/by/)

‹‹ на галоўную | у архіў