У Мінску маліліся за адзінства хрысціян

У архікафедральным касцёле імя найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася экуменічная малітва за адзінства хрысціян.

Удзел у малітве ўзялі прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, а таксама прадстаўнік Ватыкану ў Беларусі Марцін Відавіч.

Цягам тыдня экуменічная малітва адбывалася ў грамадах розных хрысціянскіх канфесій. Супольнае набажэнства прывітальным словам распачаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: “Я дзякую ўсім тым, хто прыняў нашае запрашэнне. Гэта знак таго, што вы клапоціцеся пра еднасць хрысціянаў. Гэта знак таго, што вы хочаце, каб усе мы былі адно”.

Падчас супольнай малітвы слова бралі старшыня Біблійнага таварыства Герман Родаў, прадстаўнік праваслаўнай царквы айцец Аляксандр Шымбалёў, лютэранскай – Уладзімір Меерсон, грэка-каталіцкай – Сяргей Гаек. Апошні з названых, у прыватнасці, адзначыў: “Тое, што мы тут, у сэрцы Мінску, можам сабрацца разам – гэта ўжо вялікі дар ласкі Божай. Бог усё гэта бачыць, і няхай гэтыя супольныя высілкі ён блаславіць”.

Хор мінскай архікафедры ў гэты вечар выконваў каталіцкія і праваслаўныя спевы на беларускай, рускай і лацінскай мовах. Многія вернікі казалі, што яны ўпершыню бралі ўдзел у такой малітве: “Такая імша – гэта вялікая карысць для ўсіх нас, гэта знак, што мы, хрысціяне, разам. Верым, што будзе мір і сяброўства, калі мы будзем збірацца вось так разам”.

На экуменічнай малітве прысутнічалі таксама некаторыя палітыкі, у тым ліку Павал Севярынец.

Паводле радыё “Свабода” (www.svaboda.org)

‹‹ на галоўную | у архіў